Logo Polskiego Radia
Print

Музэй прамысловай архітэктуры Трэцяга Рэйху (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.01.2016 19:26
  • запрашаем.mp3
Музэй створаны на тэрыторыі былога прадпрыемства «DAG Fabrik Bromberg».
commons.wikimedia.org/Public Domain

Сёньня, паважаныя радыёслухачы, у нашым радыёпадарожжы накіруемся ў горад Быдгашч, які разьмешчаны ў паўночнай частцы Польшчы й які называюць польскай Вэнэцыяй. Думаю, што тлумачыць ня трэба, чаму польская Вэнэцыя: проста горад раскінуты сярод каналаў ды іншых водных шляхоў. Быдгашч – адзін зь нямногіх польскіх гарадоў, дзе ў навігацыйным сэзоне пастаянна курсіруюць невялічкія турыстычныя судны, якія тут называюць воднымі трамваямі. Дарэчы, пра Быдгашч мы ўжо апавядалі ў рубрыцы «Запрашаем у Польшчы», таму сёньня – пра цікавы гістарычны аб’ект, які разьмешчаны ў гэтым горадзе.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain

Гэта «Exploseum» – філіял Акруговага музэя, дзякуючы якому можам пазнаёміцца з прамысловай архітэктурай Трэцяга Рэйху. Музэй «Exploseum» створаны на тэрыторыі былога прадпрыемства «DAG Fabrik Bromberg» – найбольшага ваеннага прадпрыемства канцэрну «Dynamit Nobel AG». Пасьля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе гітлераўцы пабудавалі ў Быдгаскай пушчы ваенна-прамысловыя аб’екты – найбольшы комплекс на польскіх акупаваных землях. Прадпрыемства выпускала выбухоўку, снарады, патроны, авіяцыйныя бомбы, а таксама хімічныя кампанэнты для ВПК.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain

Будаўніцтва ды пазьнейшая праца заводаў праходзілі ў глыбокім сакрэце, а самі аб’екты былі добра замаскаваныя. Да тэрыторыі былі падведзеныя чыгуначныя шляхі для вывазу гатовай ваеннай прадукцыі. Да 1944 году агулам было пабудавана больш за 1 тыс. будынкаў, 400 км дарог і 40 км чыгуначных ліній. Прычым сярод пабудаваных будынкаў былі ня толькі прамысловыя аб’екты, але й дамы для рабочых ды вілы для кіраўніцтва прадпрыемстваў.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain

Музэй «Exploseum» – гэта ўнікальная ўстанова ня толькі ў маштабе Польшчы, але й Эўропы. У 2015 годзе музэй быў унесены ў сьпіс Эўрапейскага шляху прамысловай спадчыны – прэстыжную групу, якая складаецца з больш чым 850 эўрапейскіх аб’ектаў прамысловай спадчыны, такіх як постіндустрыяльныя краявіды, нядзеючыя прамысловыя комплексы альбо адзінкавыя прадпрыемствы. Калі нехта любіць постіндустрыяльную абстаноўку, то абавязкова павінен наведаць «Exploseum» у Быдгашчы, бо музэй гарантуе непаўторную ды незабыўную атмасфэру, і на практыцы дазволіць пазнаёміцца з індустрыяльнай архітэктурай Трэцяга Рэйху.

Сёньняшні музэй вельмі падрабязна знаёміць зь мінулым гэтай тэрыторыі. Каб наведаць усе будынкі, патрэбна некалькі гадзін. Будынкі па сёньняшні дзень замаскаваныя і ўпісваюцца ў пагоркавы пэйзаж Быдгаскай пушчы. Паміж многімі аб’ектамі пракладзены тунэлі. Большасьць будынкаў узьведзеныя з цэглы й жалезабэтону.

У музэі працуе некалькі пастаянных экспазыцый, між іншым, прысьвечаных прымусовым рабочым Трэцяга Рэйху, падпольнаму антыгітлераўскаму руху, гісторыі зброі і ўзбраеньня, гісторыі выбуховых рэчываў і гісторыі прадпрыемства, карані якога, дарэчы, сягаюць асобы Альфрэда Нобэля – вынаходніка дынаміту.

Валеры Саўко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Про нас Контакти