Logo Polskiego Radia
Print

Зялёна Гура - сталіца польскага віна (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.01.2014 19:58
  • Зялёна Гура.mp3
У Зялёнай Гуры існуе міжнародны аэрапорт, у якім прызямляецца толькі...адзін самалёт.

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» наведаем горад, які, магчыма, вам вядомы. Гэта Зялёна Гура (Zielona Góra). А вядомы перш за ўсё таму, што ў часы Польскай Народнай Рэспублікі тут праходзіў славуты Фэстываль савецкай песьні. Але пра ўсё па парадку...

Сёньня ў горадзе пражывае каля 120 тыс. чалавек, гэта адміністрацыйны цэнтар муніцыпальных уладаў Любускага ваяводзтва. Дарэчы, згаданае ваяводзтва мае як бы дзьве сталіцы: Зялёна Гура ды Гожаў Вялікапольскі, дзе знаходзіцца сядзіба ваяводы.

Зялёна Гура (па-беларуску назва гораду перакладаецца як Зялёная Гара) была заснаваная як населены пункт перасяленцаў з Фляндрыі й Нямеччыны ў Сярэднявеччы. Гарадзкія правы Зялёна Гура атрымала ў 1323 годзе. У канцы 13-га стагодзьдзя горад паступова пачынае засяляцца палякамі. Населены пункт працяглы час уваходзіў у склад Прусіі (называўся Грунбэрг), належыў таксама Чэхіі. Да канца Другой сусьветнай вайны Зялёна Гура была нямецкім горадам. У 1945 годзе, калі Чырвоная Армія падыходзіла да гораду, зь яго выйшаў пастар Георг Готвальд і сказаў савецкім ваенначальнікам, што горад ня будзе абараняцца. Дзякуючы гэтаму Зялёна Гура не была зьнішчана, і завахаліся гістарычныя ды архітэктурныя помнікі. Дарэчы, большасьць паваенных жыхароў Зялёнай Гуры й рэгіёну – гэта выхадцы з былых усходніх тэрыторый даваеннай Польшчы, у тым ліку зь Беларусі, якія памянялі месца жыхарства ў выніку рэпатрыяцыі.

У Зялёнай Гуры вельмі многа помнікаў гісторыі й архітэктуры: шмат старых касьцёлаў, ратуша з 15-га стагодзьдзя, гарадзкі тэатар з 1931 году, а таксама іншыя будынкі, некаторыя паходзяць з 14-га стагодзьдзя.
Некалі, у часы ПНР, горад быў вядомы Фэстывалем савецкай песьні. Цяпер жа ў Зялёнай Гуры праходзіць Фэстываль расейскай песьні, на якім кожны год таксама выступаюць артысты зь Беларусі.

Дарэчы, нават у Польшчы ня ўсе ведаюць, што Зялёнагурскі рэгіён – гэта цэнтар віннай прамысловасьці ў краіне: Зялёну Гуру нават называюць польскай сталіцай віна. Першыя плянтацыі вінаграду былі засаджаныя ў 1312 годзе. А ў сёньняшнія дні штогод восеньню ў горадзе адбываецца Вінны фэстываль, на які прыбываюць тысячы турыстаў з Польшчы й замежжа. Яшчэ адзін цікавы факт пра Зялёну Гуру: тут існуе аэрапорт, які мае статус міжнароднага, аднак сёньня ў ім прызямляецца ўсяго адзін самалёт – у Варшаву й з Варшавы. Акрамя самалёта, у горад можна дабрацца на цягніку альбо аўтамабілі.
Сярод іншых эўрапейскіх гарадоў Зялёна Гура ўтрымлівае сяброўскія адносіны зь беларускім Віцебскам.
Увогуле Зялёнагурскі рэгіён разьмешчаны ў маляўнічым месцы: горы, пагоркі, даволі лагодны клімат. Так што, сябры, варта наведаць Зялёну Гуру й пазнаёміцца з захадам Польшчы, а пры нагодзе й адведаць мясцовага віна.

Валеры Саўко

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Про нас Контакти