Logo Polskiego Radia
Print

Мэксіка – краіна тэрору

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.05.2012 14:30
Мэксіканскія бандыты ня маюць межаў у сваёй брутальнасьці.

Грамадзтва для іх – гэта калектыўны закладнік, піша штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.

Вось ужо шэсьць год мэксіканскі ўрад вядзе інтэнсіўную вайну з наркамафіяй. Да перамогі яшчэ вельмі далёка, а колькасьць ахвяраў ужо перакрочыла 55 тысяч чалавек. Штодня тамтэйшая прэса паведамляе пра забойствы, знойдзеныя пакалечаныя целы ахвяраў без галавы, рук ці ног. Тыдзень таму прэса паведаміла, што ў 100 кілямэтрах ад амэрыканскай мяжы паліцыя знайшла 49 абезгалоўленых целаў.

Мясцовыя мафійныя гангі займаюцца кантрабандай наркотыкаў у ЗША, зброі з Амэрыкі ў іншыя краіны кантынэнту, гандлем людзьмі, забойствамі для чалавечых ворганаў і т.д. Гэтая дзейнасьць не спыняецца дзякуючы змове бандытаў з карумпаванымі паліцыянтамі й чыноўнікамі, зазначае польскае выданьне. Напрыклад, на мінулым тыдні паліцыя арыштавала трох высокапастаўленых генэралаў, якія былі адказныя за вайну з картэлямі.

Адзіныя, хто яшчэ працягвае барацьбу з мафіяй, гэта прэса і грамадзкія арганізацыі. Журналістыка ў Мэксіцы вельмі небясьпечная прафэсія. За апошні гады тут загінула больш за 70 журналістаў - гэта больш чым за ўсю ІІ сусьветную вайну. Іншы прыклад безкампраміснага змагара з мафіяй – гэта ксёндз Саліндэ, які кіруе цэнтрам дапамогі для нелегальных эмігрантаў. Для мафіі дзейнасьць цэнтру – соль у воку, таму ксяндзу выдалі сьмяротны прысуд і ён вымушаны хавацца за мяжой. Пакуль ані ўлады, ані СМІ, ані грамадзтва ня могуць спыніць сьмяротны карагод у Мэксіцы, зазначае польскае выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт