Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы зь беспрацоўем. Паводле экспэртаў, адсутнасьць працы - гэта адзін з найбольш сур’ёзных выклікаў, зь якімі змагаецца сучаснае чалавецтва.
Паводле Малгажаты Кордань з Ваяводзай службы занятасьці ў Зялёнай Гуры, бесптрацоўе закранае, перш за ўсё, дзьве групы людзей.
Малгажата Кордань: Гаворка ідзе пра маладых людзей, якія ня маюць прафэсійнага досьведу. Ім вельмі цяжка ўвайсьці на рынак працы. Наступная група - гэта старэйшыя асобы, якім споўнілася 50 гадоў, прафэсійныя кваліфікацыі якіх не патрабуюцца на рынку працы. Ім таксама цяжка знайсьці працаўладкаваньне.
Малгажата Кордань дадае, што служба занятасьці валодае рознымі прыладамі, якія аблягчаюць наступствы беспрацоўя. Напрыклад, яны дапамагаюць атрымаць неабходны прафэсійны досьвед, альбо заснаваць уласную фірму.
Малгажата Кордань: Маладыя людзі найбольш ахвотна карыстаюцца стажыроўкамі, дзякуючы якім яны атрымліваюць прафэсійны досьвед. Даволі вялікай папулярнасьцю карыстаюцца грамадзкія працы й датацыі на распачацьце ўласнай гаспадарчай дзейнасьці.
- кажа Малгажаты Кордань з Ваяводзай службы занятасьці ў Зялёнай Гуры.
Адкуль бярэцца беспрацоўе? Паводле доктара Збігнева Бінка, эканаміста зь Зялёнагурскага ўнівэрсытэту, асноўная прычына згаданай зьявы - гэта крызыс, які спрычыняецца да няўпэўненасьці й падзеньня попыту.
Іншая прычына - гэта таксама высокія кошты працаўладкаваньня ды малаэлястычныя правілы працы.
Збігнеў Бінэк: Калі гаворка ідзе пра Польшчу, то здавён гаворка ідзе пра высокія кошты працы. Таму прадпрымальнікам цяжка працаўладкаваць новых працаўнікоў, а калі яны нават іх працаўладкоўваюць, то на часовыя дамовы аб працы. Гэта вельмі прыкра для новых працаўнікоў.
- лічыць эканаміст.
Працадаўцы скардзяцца таксама на тое, што цяжка знайсьці працаўніка з адпаведнымі кваліфікацыямі.
Малгажата Русэвіч з Польскай канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў „Lewiatan” перасьцерагае, што псыхоляг, гісторык і пэдагог ня маюць шанцаў на польскім рынку працы. Таму яна зьдзіўляецца, што будучыя студэнты выбіраюць менавіта згаданыя накірункі вучобы.
Малгажата Русэвіч: Ёсьць праблема з асобамі, якія надалей змагаюцца за месцы на накірунках, што ў будучыні ня маюць шанцу на попыт.
Беспрацоўе - гэта зьява, якую цяжка падрабязна вымярыць. Чыноўнікі вызначаюць яе ўзровень на падставе колькасьці асобаў, зарэгістраваных службай занятасьці. У сваю чаргу статыстычныя ўстановы выкарыстоўваюць мэтад дасьледаваньня эканамічнай актыўнасьці насельніцтва.
У чым ён заключаецца - паясьняе Робэрт Врубэль са Статыстычнай установы ў Зялёнай Гуры.
Робэрт Урубэль: Паводле згаданага дасьледаваньня, працуючай асобай лічыцца кожны паляк, які цягам тыдня зарабіў грошы, працуючы як мінімум гадзіну. Тэарэтычна таксама асоба зарэгістраваная службай занятасьці можа выконваць нейкую працу – больш-менш легальную.
- кажа Робэрт Врубэль.
Калі асобы, якія хочуць працаваць, усё ж не знаходзяць працаўладкаваньня - церпіць іхная псыхіка.
Праца павышае пачуцьцё ўласнай вартасьці ды бяспекі, дае магчымасьць плянаваць будучыню. Бяз працы ўсё страчвае сэнс, пачынаецца дэпрэсія, - перасьцерагаюць псыхолягі.
На дадзены момант польская служба занятасьці зарэгістравала больш за 2 мільёны 100 тысяч беспрацоўных. Гэта каля 13,5% польскага грамадзтва.
У Эўразьвязе паказчык беспрацоўя складае 10,2%. Гэта азначае, што колькасьць асобаў бяз працы складае 24 мільёны 500 тысячаў чалавек.
аз