Logo Polskiego Radia
Print

Складаныя лёсы каралевы Ядзьвігі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.02.2012 09:00
Лічыцца, што 18 лютага 1373/74 году нарадзілася каралева Польшчы Ядзьвіга.

/

Сёньняшняй гераіняй рубрыкі „Лісток календара” зьяўляецца каралева Польшчы Ядзьвіга.

Хаця няма дакладнай даты нараджэньня Ядзьвігі, часам нават гаворыцца пра тое, што Ядзьвіга магла нарадзіцца ў кастрычніку. Тым ня менш, большасьць гісторыкаў схіляtцца да таго, што каралева Польшчы нарадзілася 18 лютага.

Ядзьвіга была дачкой вугорскага караля Людовіка Вугорскага й Элізабэты Басьнійскай. Яе маці паходзіла з польскага куяўскага роду й таму праз гэта Ядзьвіга магла прэтэндаваць на каралеўскі пасад у Польшчы. Яе прабабка была жонкай Уладзіслава Лакетка, аднаго з польскіх каралёў.

Як выглядала дзяцінства малой Ядзьвігі ?

З самага дзяцінства Ядзьвігу рыхтавалі, так бы мовіць, на каралеўства. Яна атрымала для тых часоў вельмі добрую адукацыю і ўвесь час знаходзілася пры двары караля ў Будзе. Яна валодала некалькімі мовамі, навучалася навукам і мастацтву.

Калі ёй споўнілася 4 гады, яна была заручана з 8-гадовым будучым кронпрынцам Вільгельмам з дынастыі Габсбургаў. Нават адбылася цырымонія заручэньня з рытуалам „пакладзінаў”.

У чым заключаецца згаданы рытуал?

Гэты рытуал заключаецца ў тым, што пара кладзецца ў ложак у прысутнасьці сьведкаў, што па сутнасьці замацоўвае шлюб. Гэты рытуал быў шырока распаўсюджаны ў тыя часы таксама ў вёсках. Часамі нават першы сэксуальны акт адбываўся публічна. У выпадку каралеўскага шлюбу, гэта, зразумела, не адбылося.

Тым ня менш, у будучым гэта прынесла нямала клопатаў, калі Ядзьвіга стала каралевай Польшчы, а польская шляхта жадала, каб яна выйшла за муж за Вялікага Князя Літоўскага Ягайлу.

Дык як усё гэта закончылася?

У 1385 годзе Вільгельм нават прыехаў у Кракаў, каб выканаць свае шлюбныя абавязкі, але ня быў упушчаны на Вавэль і вымушаны пакінуць Польшчу. Габсбургі паскардзіліся Папе Рымскаму, які пэўны час не жадаў прызнаць законнасьць шлюбу. Шлюб зь Вільгельмам быў ануляваны, але Ягайла павінен быў выплаціць даволі вялікую суму грошай пакрыўджанаму Вільгельму.

Што было далей ?

Шлях Ядзьвізе да польскага трону адчыніўся пасьля сьмерці бязьдзетнага караля Казіміра ІІІ Пяста, які пераказаў уладу Людовіку І Вугорскаму. Пасьля сьмерці Людовіка польская шляхта ў выніку доўгіх перамоваў пагадзілася на тое, каб каралём Польшчы стала Ядзьвіга. Ей споўнілася 10 гадоў і ў 1383 годзе яна пераехала ў Кракаў. Вельмі хутка прайшлі перамовы зь Ягайлам, у 1385 была падпісана Крэўская вунія, адбыўся шлюб паміж 26-гадовым Ягайлам і 12-гадовай Ядзьвігай. У выніку гэтага былі пакладзены фундамэнты для ўтварэньня Рэчы Паспалітай.

Ці каралева Ядзьвіга заслужылася нечым асаблівым?

Найбольшую актыўнасьць Ядзьвіга праявіла ў сфэры культуры й навукі. Яна спансаравала навукоўцаў і студэнтаў. Напрыклад, з уласных грошай падтрымала вучобу 20 студэнтаў з ВКЛ у Карлавым унівэрсытэце. Дзякуючы ёй была закладзена Кракаўская акадэмія, якая больш вядомая як Ягелёнскі ўнівэрсытэт.

Але жыцьцё каралевы не было доўгім: у 1399 годзе ва ўзросьце 26 гадоў яна памерла ў выніку родаў. Была пахаваная на Вавэлі, а ў 1997 годзе была кананізаваная.

Пра жыцьцё польскай каралевы Ядзьвігі распавядаў гісторык Павал Усаў.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт