Logo Polskiego Radia
Print

Агляд польскага друку

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.07.2011 16:15
  • Агляд польскага друку28.07.mp3
CBOS: кожны чацьвёрты паляк здраджвае свайму партнэру.

Польская сталіца апынулася сярод 15 гарадоў, якія найбольш прывабныя для інвэстыцый,- паведамляе штодзёнка „Rzeczpospolita”.


На падставе размоў з прадстаўнікамі амаль 500 міжнародных карпарацый, тэлеканал CNN Money падрыхтаваў сьпіс гарадоў, спрыяльных бізнэсу. Сярод эўрапейскіх гарадоў у сьпіс трапілі толькі два: Варшава й Стакгольм.

У ЗША лідыруюць Солт-Лэйк-Сіці й Осьцін. У Азіі : Чэнду й Чунцін. Сярод выбранай пятнаццаткі знаходзяцца таксама два індыйскія гарады - Ахмадабад і Гургаон - ды аўстралійскі Мэльбурн.

У сьпісе побач з Варшавай знаходзяцца сталіца Коста-Рыкі Сан-Хасэ й калюмбійская Багота.

Паводле бізнэсмэнаў, адным з найважнейшых паказчыкаў, якія вырашаюць пра разьмяшчэньне офіса фірмы, зьяўляюцца ўзрост і эфэктыўнасьць працы мясцовых працаўнікоў.

І таму Варшава ды 300 тысячаў сталічных студэнтаў валодаюць неабходным патэнцыялам - маладымі й адукаванымі кадрамі. Чарговы крытэрый, гэта невялікі кошт працы працаўнікоў, а таксама цэны й даступнасьць нерухомай маёмасьці ды інвэстыцыйныя ільготы.

Прадстаўнікі міжнародных канцэрнаў пазытыўна ацэньваюць разьмяшчэньня польскай сталіцы ў цэнтры Эўропы ды адносна невялікія цэны на арэнду ці будаўніцтва новых офісаў. І яшчэ адзін важны элемэнт - гэта шматлікія зялёныя тэрыторыі ды гарадзкія паркі - чытаем на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.

*****************

Хаця ад пачатку году беспрацоўе ў Польшчы зьнізілася з 13% да 11,8%, то й так маладыя палякі надалей зьяўляюцца найбуйнейшай групай, зарэгістраванай мясцовымі службамі занятасьці. Бяз працы застаецца ажно 25% палякаў, якім ня споўнілася 25 гадоў. Гэта, дарэчы, не выключная рыса польскай эканомікі, паколькі падобная сытуацыя назіраецца ва ўсёй Эўропе. Пра гэта паведамляе сёньняшняя газэта „Dziennik Gazeta Prawna”.

„Маладыя зьяўляюцца першымі ахвярамі спаду эканамічнай кан’юнктуры, і яны апошнія, хто адчувае паляпшэньне”, - лічыць Мацей Букоўскі зь Інстытуту структурных дасьледаваньняў. Справа ў тым, што падчас крызысу прадпрымальнікі скарачаюць выдаткі шляхам абмежаваньня працаўладкаваньня й галоўным чынам сярод моладзі. Зь іншага боку, калі пачынаюць набор новых супрацоўнікаў, то ў першую чаргу прымаюць на працу працаўнікоў з большым досьведам і ведамі.

„Сусьветная канкурэнцыя прымушае фірмы змагацца ня толькі за цану, але перш за ўсё за якасьць прадуктаў і паслугаў. Таму яны выбіраюць старэйшых ды больш дасьведчаных спэцыялістаў, а не маладых бяз досьведу,” – лічыць Малгажата Старчэўска-Кшыштошэк, экспэрт Польскай канфэдэрацыі прыватных працадаўцаў „Lewiatan”. Яна зазначае, што некаторыя фірмы для захаваньня брэнду й кліентаў у часы крызысу гатовыя перанесьці вытворчасьць у азіяцкія краіны.

******************

Кожны чацьвёрты паляк здраджвае свайму партнэру, але толькі час ад часу. Найчасьцей здраджваюць багатыя й добра адукаваныя людзі. Пры гэтым рашучая большасьць раманаў працягваецца кароткі час. Гэта вынікае з апытаньня, праведзенага Цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі (CBOS), вынікі якога публікуе „Gazeta Wyborcza”.

Паводле дасьледаваньня, у здрадзе прызнаецца 25% апытаных палякаў. Часьцей здраджваюць мужчыны (33%), чым жанчыны – 18%. Аднак, паводле экспэртаў, згаданая тэндэнцыя мяняецца, што хутчэй за ўсё вынікае з большай самастойнасьці й незалежнасьці польскіх жанчынаў, у тым ліку фінансавай.

Паводле сацыёлягаў, можна правесьці простую паралель: хто мае больш грошай ды лепшую адукацыю, часьцей здраджвае. Такім чынам, сярод асобаў з вышэйшай адукацыяў у раманах прызнаецца 34%, а сярод найгорш адукаваных – 17%.

Часьцей таксама здраджваюць маладыя – ва ўзросьце 25-34 гадоў, жыхары буйных гарадоў (31%). Найчасьцей перашкодай у здрадзе зьяўляецца рэлігія – здраджвае толькі 20% веруючых людзей ды 42% няверуючых.

Цэнтар дасьледаваньня грамадзкай думкі праверыў таксама геаграфію здрадаў палякаў. Аказваецца, што найбольш рэдка здраджваюць жыхары Любускага (15%) і Сьвентакшыскага (17%) ваяводзтваў, а найчасьцей - Апольскага, Верхнесілескага й Паморскага ваяводзтваў (31%).

Большасьць апытаных (85%) заяўляе, што раман меў кароткатэрміновы характар ды не пашкодзіў адносінам зь іх партнэрам.

Паводле CBOS, 30% раманаў пачынаецца на працы, - паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт