6 ліпеня 1950 году паміж ПНР і ГДР быў падпісаны Згажэлецкі дагавор, які датычыў заходняй мяжы Польшчы.
Усталяваньне новай мяжы па рэках Одэр і Лужыцкая Ніса паміж Польшчай і Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікай сталася вынікам тэрытарыяльных падзелаў пасьля Другой Сусьветнай вайны.
Фактычна, пэрсанальна Сталін акрэсьліў межы пасьляваеннай Польшчы. Савецкі Саюз катэгарычна адмаўляў вяртаньне тых тэрыторый, якія былі далучаны да СССР у 1939 годзе. У 1944 годзе Сталін падпісаў дамовы з польскімі камуністамі адносна новай заходняй мяжы. Падчас Ялцінскай канфэрэнцыі ЗША і Вялікабрытанія пагадзіліся з патрабаваньнямі Сталіна.
У 1945 годзе нямецкія тэрыторыі, якія былі занятыя савецкімі войскамі, перадаваліся польскім уладам
Нямецкае насельніцтва было дэпартавана. Агулам пад польскае кіраваньне была перададзена тэрыторыя памерам у 114 тыс. квадратных кілямэтраў. Тэрыторыі, якія адышлі да Польшчы атрымалі назву «вернутых».
6 ліпеня 1950 году, ізноў жа пад ціскам Масквы, было падпісана першае пагадненьне паміж ПНР і ГДР адносна мяжы, якое атрымала назву Згажэлецкага дагавору. Было падпісана ў нямецкім горадзе Гёрліц (польскаяя назва Згажэлец), які ў выніку перанясеньня мяжы стаўся памежным). Дадаткова, згодна з гэтай дамовай, да Польшчы адышлі два буйныя гарады Шчэцін і Свінавуйсьце.
Гэтая дамоўленасьць была адмоўна прынятая ФРГ
Толькі ў 1970 годзе паміж ПНР і ФРГ была падпісаная дадатковая ўмова, на моцы якой ФРГ прызнавала пасьляваенную мяжу па Одэру і Нісе.
Тым ня менш, у працэсе аб’яднаньня нямецкай дзяржавы, Польшча ізноў стала перад праблемай прызнаньня мяжы. Бо, абедзьве раней падпісаныя дамовы маглі быць аспрэчаны новай дзяржавай.
Фактычна, прызнаньне папярэдніх дамоўленасьцяў, якія датычылі мяжы паміж Польшчай і Нямеччынай, было адной з галоўных умоваў працэсу аб’яднаньня Нямеччыны. Таму ў лістападзе 1990 года паміж урадамі Польшчы і ФРГ быў падпісаны дагавор, які канчаткова пацьвярджаў прызнаньне польска-нямецкай мяжы па рэках Одэр і Ніса.
Павал Усаў