Чаму палякі настолькі часта паддаюцца экзарцызмам?
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
21.06.2019 15:11
Дасьледчык пытаньня дамініканец Павал Адамік сьцьвярджае, што апантанасьць у Польшчы зьяўляецца рэдка.
Foto:pixabay
«Ёсьць попыт, ёсьць прапанова. У мяне ўзьнікае такое ўражаньне, што некаторыя ўспрымаюць сустрэчу з экзарцыстам як візыт у лекара, шаптункі ці варажбіткі», – кажа ў размове з штодзёнкай «Dziennik Gazeta Prawna» айцец Павал, які дасьледуе працу экзарцыстаў з навуковага пункту гледжаньня.
Нядаўна старшыня Камісіі навукі і веры Канфэрэнцыі Эпіскапату Польшчы біскуп Анджэй Чая заявіў, што ён занепакоены практыкай некаторых сьвятароў, і сказаў, што будуць уводзіцца пэўныя зьмены.
Дамініканец Павал адзначае, што дакладна гутарка ідзе пра тое, якую інфармацыю распаўсюджваюць некаторыя экзарцысты ў сваіх кніжках і ў Інтэрнэце. Айцец Павал дасьледуе працэс пастаноўкі дыягназу пацыентаў сьвятарамі, якія праводзяць гэты абрад.
«Я зацікаўлены ў тым, як сьвятары-экзарцысты, на якой аснове яны прымаюць рашэньне выканаць экзарцызм, таму што няма выразных крытэрыяў, якія б з абсалютнай упэўненасьцю паказвалі, што мы маем справу з апантанасьцю», - кажа ён.
«Дзякуючы навуковым дасьледаваньням, мы ўсё больш і больш ведаем пра псыхічныя захворваньні, дысацыятыўны стан, посттраўматычны разлад, псыхоз, шызафрэнію, усё тое, што можа стварыць мозг, і што можа здацца для чалавека рэальным. Я хачу ведаць, ці ёсьць у гэтых сьвятароў дастаткова ведаў, каб распазнаць гэтыя захворваньні. І калі ў іх няма такіх ведаў, то што для іх зьяўляецца вырашальным, каб прыняць рашэньне і выканаць экзарцызм дадзенага чалавека», - расказаў айцец Павал.
яс