Logo Polskiego Radia
Print

8 чэрвеня 2011 у Беларусі распачаліся «Маўклівыя пратэсты»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.06.2019 10:03
Фактычна гэта была адзіная ў краіне не апазыцыйная акцыя.
Image: geralt/ pixabay.com/ Pixabay LicenseImage: geralt/ pixabay.com/ Pixabay License

Фактычна гэта была адзіная не апазыцыйная акцыя, арганізаваная ў Беларусі, пры дапамозе новага інструмэнту – Інтэрнэта і сацыяльных сетак.

Можна сказаць, што пачатковы этап гэтых акцыяў быў вельмі пасьпяховы й закрануў значную частку насельніцтва, палітычна не зьвязанага з апанэнтамі рэжыму. Арганізацыя й правядзеньне акцыяў адбывалася ў даволі складаных умовах. Перш за ўсе, пратэсты адбываліся пасьля жорсткіх рэпрэсіяў і зьнішчэньня (зачысткі) апазыцыі пасьля выбараў 2010 году. Шмат хто з палітычных актывістаў знаходзіўся ў вязьніцах. У гэты час адбывалася ў Беларусі паглыбленьне эканамічнага крызысу й дэвальвацыя, што адбілася на коштах, перад усім паліва. Вясной 2011 года прайшлі акцыі «Стоп-бэнзін». У гэты ж пэрыяд пракацілася цэлая хваля рэвалюцый на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, што атрымала назву «Арабская вясна».

Адным з Інтэрнэт-адміністратараў і арганізатараў акцыяў у Беларусі быў Вячаслаў Дзіянаў (сёньня адзін з вядомых прыхільнікаў Пуціна і «расейскага сьвету»).

Першая акцыя адбылася 8 чэрвеня 2011 году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. На плошчы сабралася каля 400 чалавек, яны сьпявалі песьні і кляскалі ў далоні. Акцыі пачалі праводзіцца рэгулярна кожны тыдзень і распаўсюджваліся на буйныя гарады Беларусі. Сабраныя не высоўвалі ніякіх патрабаваньняў, не было лідэрства. Людзі праходзілі моўчкі па вуліцах гарадоў і час ад часу кляскалі ў далоні. Таму гэтыя акцыі атрымалі назву «маўклівых пратэстаў».

Тэмп, з якім гэтыя акцыі распаўсюджваліся й набіралі папулярнасьць, а таксама хваля рэвалюцый у аўтарытарных краінах (Эгіпет, Туніс, Лібія, Сырыя) змусілі кіраўніцтва Беларусі да жорсткага рэагаваньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыяў. Іх затрымлівалі, часам зьбівалі, давалі высокія штрафы і саджалі на суткі. Сотні чалавек падвергліся рэпрэсіям.

Жорсткія дзеяньні ўладаў, адсутнасць мэты і стратэгіі дзеяньня ў выніку прывялі да спаду сацыяльных пратэстаў.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт