Logo Polskiego Radia
Print

Што зрабіць, каб бацькі не адмаўляліся ад вакцынацыі?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2019 15:58
У Ольштыне вырашылі забараніць непрывітым дзеткам хадзіць у ясьлі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Установы апекі над малалетнімі дзецьмі шукаюць магчымасьці спыніць тэндэнцыю на адмаўленьне ад вакцынацыі дзяцей. У гарадзкія ясьлі ў горадзе Ольштын будуць прымаць толькі прывітых малечаў – піша «Gazeta Wyborcza». У ясьлі могуць быць аформленыя толькі тыя дзеці, якія прайшлі абавязковую вакцынацыю або тыя, каму прышчэпкі супрацьпаказаныя.

Дактары занепакоеныя тым, што ўсё часьцей бацькі адмаўляюцца прывіваць сваіх дзяцей. Гэта можа мець трагічныя наступствы. Нядаўна ў гарадзкім шпіталі Ольштына памерла 6-гадовая дзяўчынка ў выніку ўскладненьня вятранкі.

Перад галасаваньнем над увядзеньнем паправак у гарадзкі статут аб апецы ў ясьлях адбыліся гарачыя дэбаты, паколькі некаторыя гарадзкія дэпутаты былі супраць такіх радыкальных рашэньняў, аргумэнтуючы, што гэта абмежаваньне права на адукацыю.

У Ольштыне толькі некалькі публічных ясьляў. Таму ўвядзеньне згаданага правіла – гэта сымбалічны жэст, які не датычыць прыватных устаноў і дзіцячых садкоў. А ў садзікі ходзіць значна больш дзяцей. Аўтары грамадзкай ініцыятывы «Прывіваем, бо думаем» зьбіраюць подпісы пад адпаведным законапраектам, які дазволіць увесьці падобныя правілы таксама ў садках, каб у іх маглі хадзіць толькі прывітыя дзеткі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт