Пладова-ягаднае віно можа стаць брэндам Беларусі
PR dla Zagranicy
Eduard Zholud
11.02.2019 13:19
«У нашым рэгіёне беларусы былі перадавыя перад усім у вытворчасьці гарэлкі».
pixabay.com/Public Domain CC0
Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае 27-ае месца ў рэйтынгу спажываньня алькаголю. У сярэднім за год беларус выпівае прыкладна 11 літраў чыстага сьпірту. Цікава, што апошнія гады назіраецца тэндэнцыя на зьніжэньне аб'ёму спажытага алькаголю. Так яшчэ ў 2010 годзе Беларусь займала другое месца сярод усіх краінаў сьвету паводле дадзенага паказчыка.
Аднак відавочна, што беларускае грамадзтва пакутуе ад злоўжываньня алькаголем. Польскае радыё паразмаўляла пра традыцыю піцьця алькаголю зь дасьледчыкам Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі, калекцыянэрам пладова-ягаднага віна Ягорам Сурскім.
Ягор Сурскі: Калі б не было алькаголю, наогул ня было бы цывілізацыі. У даўнейшыя часы самым бясьпечным піцьцём быў напой на аснове алькаголю. Такім чынам вада, любая іншая вадкасьць праходзіла дэзінфэкцыю. Без алькаголю немагчыма ўявіць гісторыю цывілізацыі, а перад усім разьвіцьцё вялікіх гарадоў. Беларускі фэномэн зараз, гэта наяўнасьць такой колькасьці танных пладова-ягадных він. Міталёгія, гісторыя ды агромністая разнастайнасьць назваў натхнілі мяне калекцыяніраваньне «чарніла». (...)
Польскае радыё: Спажываньне пладова-ягаднага віна мае ў Беларусі глыбокія гістарычныя карэньні?
Ягор Сурскі: Гістарычна, бліжэйшым напоем да пладова-ягаднага віна (не паводле тэхналёгіі вытворчасьці) былі разнастайныя наліўкі. На іх аснове рабіўся прадукт падобны да сучаснага пладовага віна. Традыцыя вельмі даўняя. Гістарычна ў беларусаў існавала тры асноўныя віды алькагольных напояў. Гэта вельмі лёгка прасачыць па тым, якія тады былі корчмы, іх было тры віды: піўная, гарэлачная й мядовая. Мядовая карчма абкладалася самым высокім падаткам, гэта сьведчыць пра высокую якасьць напою.
У нашым рэгіёне беларусы былі перадавыя перад усім у вытворчасьці гарэлкі. Тэхналёгія выгану гарэлкі пад узьдзеяньнем высокіх тэмпэратур вядомая ў Беларусі з канца ХV ст. і гэта значна раней чым, напрыклад, у суседняй Расеі. Беларусы даўно валодаюць гэтай тэхналёгіяй і мелі ў гэтай галіне пэўныя дасягненьні. (...)
Поўную гутарку з Ягорам Сурскім слухайце ў далучаным зьверху гукавым файле.
Эдуард Жолуд