Logo Polskiego Radia
Print

Што палякі ня хочуць атрымліваць пад ёлку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.12.2018 12:13
«Найбольш нетыповымі адказамі на пытаньне пра нежаданы падарунак былі ладан, лекі, мыла для ног, прэзэрватывы, мухабойка й нават… дзіцё».
www.pixabay.com/Monika/CC0 Creative Commons

У мінулым годзе нелюбімым падарункам была розга, сёньня гэта шкарпэткі. Ажно 12% апытаных цэнтрам SW Research заявілі менавіта пра шкарпэткі.

Аказваецца, што палякі таксама ня хочуць атрымліваць вопратку, кухонныя прылады, парфумы, алькаголь і кніжкі (ня дзіўна, паколькі кніжкі чытае толькі 38% польскага грамадзтва – паводле апытаньня Нацыянальнай бібліятэкі).

«Найбольш нетыповымі адказамі на пытаньне пра нежаданы падарунак былі ладан, лекі, мыла для ног, прэзэрватывы, мухабойка й нават… дзіцё», - напісала ў прэс-рэлізе фірма-заказчык апытаньня «Асаблівы падарунак» (Wyjątkowy prezent).

35% палякаў чакаюць падарункаў практычных і прыдатных, але для 40% ідэальным зьяўляецца падарунак, зьвязаны з хобі, і які выклікае эмоцыі.

19% апытаных спадзяюцца атрымаць грошы, 14% - касмэтыку, 13% - электроніку, 11%- біжутэрыю й 8% - падарункавы талён.

Паводле апытаньня грамадзкай думкі, толькі 4% палякаў не плянавалі купляць падарункі пад ёлку. Бальшыня прызначыла на іх 200-400 злотых (прыкладна 50-100 даляраў).

У Польшчы падарункі дарацца не на Новы год, а на Раство.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт