Logo Polskiego Radia
Print

Не забывайце часьцей сядаць за стол з блізкімі людзьмі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.11.2018 16:09
  • сямейныя традыцыі.mp3
Варта пачаць са сьнеданьня, якое зьяўляецца самай важнай стравай цягам дня.
www.pixabay.com/ErikaWittlieb/CC0 Creative Commons

Калісьці, у даваенныя часы, амаль у кожным доме цэнтральным месцам быў вялікі стол, за якім сядала ўся сям’я, сьнедала, абедала, вячэрала. Былі гутаркі, за сталом блізкія людзі плянавалі сваю будучыню, абмяркоўвалі справы, пыталі, як прайшоў дзень. У савецкія часы гэтая традыцыя паступова адышла ў мінулае, быў час, калі ўлады зь вялікай настойлівасьцю прасоўвалі калектыўнае харчаваньне, меркавалася, што вялікі стол ужо непатрэбны ў кватэры, паколькі члены сям’і спажываюць ежу на вонкі – на працы ў сталоўцы, у школе, інстытуце.

Дыетолягі кажуць, што вельмі важна спажываць ежу разам, у коле сям’і, спакойна, бяз сьпешкі, і таму яны раяць усё ж такі мець дома такі вялікі сямейны стол, за якім можа сесьці ўся сям’я. Канешне, некаторыя скажуць, што ў іх на гэта няма часу. Асабліва раніцай, але гэта мы распараджаемся нашым часам, – гаворыць кансультантка здароўя сям’і з Інстытуту харчоў і харчаваньня Марта Паўлоўска.

М. Паўлоўска: Памятайце, што гэта вы – гаспадар свайго часу, і вы рашаеце, што з часам робіце. І таму варта пачаць са сьнеданьня, якое зьяўляецца самай важнай стравай цягам дня, а мы часта зусім пра яго забываем. Сям’я – гэта не гатэль, а жыцьцё не пачынаецца тады, калі мы выходзім з кватэры. Дзецям патрэбны час, праведзены з намі, таксама нам патрэбны час, праведзены з блізкімі. Мы кормім наш арганізм перш за ўсё часам з блізкімі, а толькі пазьней яечняй ці кукурузнымі шматкамі.

Зразумела, цяжка прызначыць раніцай гадзіну на сьнеданьне, калі ўсе сьпяшаюцца – на працу, у школу, думаюць, ці на дарозе будуць коркі, ці яны пасьпеюць і г.д. Аднак варта ўстаць крыху раней, і спрабаваць увесьці такія сямейныя ранішнія рытуалы, як хаця б супольнае сьнеданьне, – кажа экспэрт.

М. Паўлоўска: Давайце зьвернем увагу на тое, што калі б спытаць нашых дзяцей, якія ў іх сям’і рытуалы, то большасьць дзяцей адказала б, што пакупкі, прыборка, магчыма, некаторыя разам глядзяць тэлевізар. А дзе вельмі важны сумесны час за сталом, дзе сумеснае прыгатаваньне ежы, хаця б гэтыя блінчыкі з яблыкамі раніцай у суботу? Гэты час важны. Дзецям патрэбнае пачуцьцё бясьпекі. Мы ім скажам «Я цябе люблю» па тэлефоне, але гэтага мала. Дзеці павінны адчуваць, што нашы словы – гэта праўда, а не толькі словы.

Марта Паўлоўска зьвяртае таксама ўвагу на іншы аспэкт нашай сьпешкі, калі ў нас няма раніцай і на працягу дня часу адзін для аднаго. Тады мы часта пераядаем вечарам, калі ўжо гэты час паявіцца.

М. Паўлоўска: Тады мы пераядаем. Можна ўжо палажыць спаць дзяцей, бацькі могуць пабыць разам, і тады вечарам часта на стале паяўляецца багатая вячэра, каб заняць час, паразмаўляць. Гэта дрэнна, лепш прымаць невялікія порцыі – і ежы, і любові блізкіх нам людзей. Гэта для нас больш карысна.

Канешне, няма нічога дрэннага ў тым, каб час ад часу выйсьці з сям’ёй на абед або вячэру ў рэстаран, але тады мы самі не рыхтуем ежы, а спажываем толькі тое, што нам хтосьці зварыў. А вельмі важна таксама разам гатаваць, – кажа госьць Польскага радыё.

М. Паўлоўска: Гаворка ідзе таксама пра тое, каб разам рыхтаваць ежу, каб навучыць дзіця рэзаць цыбулю, каб дарослы мужчына пазьней не прасіў паказаць яму, як правільна рэзаць цыбулю. Разам зрабіць соўс, нейкую іншую страву. Як правіла ў кожнай сям’і ёсьць такія свае выключныя стравы – нейкія блінчыкі, аладкі, соўсы, супы і г.д. Гэтыя сямейныя рытуалы вельмі важныя – мы вучым ім сваіх дзяцей, а яны пазьней вучаць сваіх дзяцей. Такім чынам мы ствараем сваю ўласную традыцыю, гэта бясцэннае, а рэстаран нам гэтага ня дасьць.

Той час у добрай атмасфэры, праведзены з блізкімі родзічамі раніцай за сталом дае нам энэргію і пазытыўны настрой на цэлы дзень. А пра тое, як важна праводзіць час за сталом са сваякамі разважала кансультантка здароўя сям’і з Інстытуту харчоў і харчаваньня Марта Паўлоўска.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт