Нуда насамрэч вельмі патрэбная чалавеку
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.08.2018 18:21
Важна дазволіць сабе нудзіцца, бо нуда абуджае крэатыўнасьць.
pixabay.com/CC0 Creative Commons
Нуда – насуперак укаранелым стэрэатыпам у літаратуры ці ў песьні – насамрэч вельмі патрэбная чалавеку, як і любы іншы стан - кажа псыхоляг Марта Кухарска з Інстытута псыхалёгіі Лодзінскага ўнівэрсытэта.
M.Kухарска: Вельмі важна ведаць, што нуда - гэта такі момант, калі нашае цела адпачывае. На самай справе - гэта апошні момант, калі цела ўжо пачынае трохі непакоіцца, што адпачынак працягваецца занадта шмат часу. Арганізм дасягнуў стан спакою, скінуў напружанасьць, ачысьціўся і стварыў месца для чагосьці новага.
У многіх людзей усё дакладна расплянавана, шчыльна запоўнены графік. Падобны лад жыцьця яны навязваюць таксама сваім дзецям. У выніку, па словах псыхоляга, чалавеку не хапае часу, каб падумаць пра тое, чаго мы сапраўды хочам у дадзены момант.
Важна дазволіць сабе нудзіцца, бо нуда абуджае крэатыўнасьць, творчасьць і тады паўстае шмат цікавых рэчаў. Зрэшты, многія мастакі і вучоныя пацьвярджаюць, што іх найважнейшыя творы ці ідэі нарадзіліся ў выніку нуды.
Акрамя гэтага, нуда прыводзіць да таго, што чалавек адключаецца ад рэчаіснасьці і ўваходзіць у стан, які ў псыхалёгіі называюць флёў. Гэта адна з умоваў пачуцьця шчасьця і задавальненьня з жыцьця – падкрэсьлівае псыхоляг Кухарска.
Тым ня менш, як усё, нуду таксама трэба сабе дазваляць у разумнай колькасьці, бо ў празьмерных дозах яна можа неспрыяльна паўплываць на наш настрой і на цэлы арганізм. «У выніку, можа нават скараціць жыцьцё, што даказана вучонымі», – адзначыла доктар Марта Кухарска.
Каміль Шубаньскі/PAP/яс/