Logo Polskiego Radia
Print

Ці добрая праца ёсьць толькі ў вялікіх гарадах?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.08.2018 15:14
Шукаючы працу, трэба сьпярша правесьці паглыблены аналіз мясцовага рынку.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Ці абавязкова пераяжджаць жыць у вялікі горад, каб знайсьці добрую пасаду? Вядома, што найбольш вакансій ёсьць у мэтраполіях, але не заўсёды трэба пераяжджаць жыць у Варшаву, – піша «Rzeczpospolita». У Польшчы назіраецца выключна дынамічны эканамічны рост, таму многія спэцыялісты могуць знайсьці добрую працу таксама ў меншых населеных пунктах. Акрамя таго, шмат прадпрыемстваў, у тым ліку замежных, выбіраюць для сваіх інвэстыцый месцы па-за вялікімі гарадамі.

Таму, шукаючы працу, трэба сьпярша правесьці паглыблены аналіз мясцовага рынку. Нельга таксама забываць, што кожная новая інвэстыцыя – гэта таксама магчымасьць для прадпрымальнікаў разьвіваць уласны бізнэс у супрацоўніцтве з вялікім прадпрыемствам, дастаўляючы яму свае тавары ці паслугі.

Калі непадалёк ад месца жыхарства сапраўды няма працы, варта падумаць пра працу на адлегласьць. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць ужо працаваць, не паяўляючыся ў офісе, або прыяжджаючы туды адзін-два разы ў тыдзень. Раней такім чынам працавалі пераважна спэцыялісты-айцішнікі, а цяпер усё больш фірмаў прапануе такую працоўную схему іншым супрацоўнікам. Дастаткова мець доступ да інтэрнэту, кампутара і тэлефону.

Калі і такая форма працы немагчымая, то можна задумацца над магчымасьцю пашукаць працу ў вялікім горадзе, але жыць у малой мясцовасьці непадалёк ад мэтраполіі. Ёсьць нямала людзей, якія штодзённа езьдзяць па 30-50 кілямэтраў у адзін бок, а нават і да ста кілямэтраў. На ўласнай машыне гэта ня вельмі зручна. Лепш, калі можна падарожнічаць на цягніку.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт