Праца з дому – гэта дабро ці зло?
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.02.2018 16:47
Людзі, якія працуюць дастанцыйна, могуць дазволіць сабе больш паспаць, але часамі працуюць 24 гадзіны ў дзень.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Як выглядае жыцьцё сучаснага тэлепрацаўніка – чалавека, які, дзякуючы інтэрнэту, выконвае свае працоўныя абавязкі з дому? Гэта высьвятляе выданьне «Dziennik Gazeta Prawna». У працы з дому ёсьць як несумненныя плюсы, так і мінусы, пра якія павінен ведаць кожны, хто вырашыў пакінуць офісны мурашнік.
Людзі, якія працуюць дыстанцыйна, могуць дазволіць сабе абудзіцца крыху пазьней, зрабіць сабе грунтоўны сьняданак. Яны не трацяць часу й грошай на тое, каб даехаць да сваёй фірмы. Таксама тэлепрацаўнікі маюць магчымасьць мяняць свой распарадак дня ў залежнасьці ад абставінаў. Яны могуць забраць раней дзяцей са школы ці схадзіць у краму ў больш зручны час. Тыя, хто працуе дыстанцыйна, не губляюць часу і нэрваў на офісныя інтрыгі.
Аднак камфорт мае сваю цану. Тыя, хто выконвае працу з дом, маюць меншыя шанцы на павышэньне, бо не трапляюць на вока начальству. Родныя часта не разумеюць, што праца з дому застаецца працай, і турбуюць іх падчас выкананьня абавязкаў.
А самае цяжкае – гэта навучыцца не думаць пра працу 24 гадзіны на суткі. Тэлепрацаўнікі часамі скардзяцца, што не выходзяць з дому па некалькі дзён запар. Не кожны можа прымусіць сябе працаваць ад адной дакадна вызначанай пары да іншай, каб пакінуць дастаткова часу на адпачынак. Таму дыстанцыйная праца падыходзіць далёка ня ўсім.
Dziennik Gazeta Prawna/ап