Як выглядаюць дамы палякаў, ці ёсьць у іх нейкі супольны элемэнт, ці можна нейкім чынам прасачыць гісторыю дзяржавы 20-га і пачатку 21-га стагодзьдзя, зазіраючы пад дахі польскіх кватэр і дамоў?
«Дом польскі. Мэблевая сьценка з пікасамі» – так называецца кніга аўтарства Малгажаты Чыньскай, якая спрабавала ў ёй даць адказ на вышэй пастаўленае пытаньне – як выглядаюць дамы палякаў. Кніга складваецца з гутарак з рознымі асобамі – праектантамі, дызайнэрамі, гісторыкам мастацтва ды сацыёлягам. Як гаворыць сама аўтарка, цяжка назваць нейкія элемэнты, якія прысутныя ва ўсіх польскіх дамах.
М. Чыньска: Няма чагосьці такога, як аднародны польскі дом. У кожным доме ёсьць розныя прадметы, розныя прывычкі, традыцыі, а нават мовы. Трэба сказаць, што польскі дом вельмі разнародны ў культурным пляне. Адна з прычын – перастаноўка межаў у ваенны пэрыяд. Пасьля вайны людзі з былых усходніх зямель Польшчы перасяліліся на заходнія землі, якія перайшлі да польскай дзяржавы. Яны пачалі жыць у дамах, якія раней належалі немцам, пачалі карыстацца іх рэчамі. Цяпер, праз шмат гадоў, гэтыя рэчы ўжо ўкараніліся ў жыцьцё чарговых пакаленьняў. Рэчы, якія нас акружаюць, акрэсьліваюць нашу біяграфію, але таксама пастаянна нам пра гэтую біяграфію нагадваюць.
Адзін з суразмоўцаў аўтаркі кніжкі сказаў, што палякі вельмі любяць зьбіраць рэчы, прадметы, яны любяць застаўляць свае дамы рознымі рэчамі.
М. Чыньска: Так, мы – народ, якому вельмі патрэбная ўтульнасьць. Канешне, такая любоў да прадметаў мае як пазытыўныя, так і адмоўныя бакі. У нашых дамах часта надта многа прадметаў, мы ня любім і не ўмеем з імі расставацца.
Нельга сказаць, што выгляд польскіх кватэр аднолькавы, але можна прасачыць пэўныя супольныя рысы, тэндэнцыі. Па словах праектантаў, у 50-ыя гады мінулага стагодзьдзя праекты архітэктараў былі добрыя, націск рабіўся на тое, каб людзям жылося зручна, выгодна. У сваю чаргу ў 70-80-ыя гады назіралася масавасьць праектаў. Гэта вялікія шматпавярховікі, шэрыя, нецікавыя дамы, маленькія, нязручныя кватэркі. І 90-ыя гады: захапленьне ўсім, што заходняе, палякі хутка імкнуліся пазбыцца ўсіх сьлядоў старой сыстэмы.
М. Чыньска: Сапраўды, канец 40-ых, а таксама 50-ыя гады памяталі яшчэ часы росквіту польскай дзяржавы, захаваліся добрыя традыцыі ў архітэктуры. Прадметы, зробленыя ў тыя часы, а таксама перад вайной, як правіла моцныя, салідныя. Кераміка, шкло, тканіны, якія траплялі тады ў польскія дамы, былі вельмі высокай якасьці. І ня дзіўна, што цяпер назіраецца мода на прадметы з таго пэрыяду.
Калісьці ў польскіх дамах самым важным прадметам сярод мэблі быў стол, за якім зьбіралася ўся сям’я. А цяпер у многіх дамах самы важны – ложак, які стаў цэнтрам сямейнага жыцьця. А вялікага стала няма.
М. Чыньска: Такая заканамернасьць вынікае з розных дасьледаваньняў вытворцаў мэблі. Справа ў тым, што ў маленькіх кватэрах проста часта няма месца на вялікі стол. Акрамя таго, многія людзі лічаць, што такі стол ім зусім не патрэбны. Больш важны стаў ложак. У гэтым ложку можна і паглядзець сэрыял на пляншэце, і пачытаць кніжку, і паразмаўляць з дзіцём. Другі важны прадмет – табурэт або малы столік. На ім можна паставіць кампутар, прысесьці або ўвайсьці, каб нешта дастаць. На гэтых прыкладах відаць, як мяняюцца нашы патрэбы і як мяняецца наша жыцьцёвая прастора.
У кніжцы Малгажаты Чыньскай можна прачытаць 14 гутарак з рознымі асобамі, якія расказваюць пра тое, як выглядаюць польскія дамы і кватэры, ці ёсьць у іх агульныя рысы, нейкія асаблівасьці. У аповедах, хоць яны вельмі асабістыя, можна прасачыць гісторыю польскай архітэктуры, дызайну, гісторыю праектаваньня кватэр і жылых дамоў. Гэта таксама аповеды пра традыцыю, мову, культуру, прыгажосьць жыцьця, пошук узораў і мэнтальнасьць палякаў. Трэба яшчэ патлумачыць загаловак кнігі. Нагадаю, яна называецца «Дом польскі. Мэблевая сьценка з пікасамі». Што значыць бытавы тэрмін «пікасы»? Гэта ўсё, што атаясамліваецца з карцінамі Пабла Пікаса – узоры тканін, вобразы, прадметы з характэрным арнамэнтам.
нг