Польскія ўлады загаварылі пра знос Палаца культуры і навукі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
16.11.2017 15:29
Будынак, які знаходзіцца ў цэнтры Варшавы, быў падарункам Сталіна Польшчы.
Палац культуры й навукі ў Варшаве www.pixabay.com
Урад Польшчы адзначае два гады свайго кіраваньня краінай. З гэтае нагоды розныя міністры падсумоўвалі, што ім удалося дасягнуць, і якія ў іх мэты на будучыню. Палякі асабліва ўважліва прыслухоўваюцца да словаў міністра разьвіцьця і фінансаў, віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага, які прымае шмат важнейшых рашэньняў у дзяржаве.
Маравецкі шмат казаў пра эканоміку, сацыяльную палітыку, дзяржаўнае разьвіцьцё. Згадаў таксама тэму, якая выклікае розныя меркаваньні ды эмоцыі. Інтэрнэт-сайт «Niezalezna.pl» прыводзіць словы міністра пра тое, што ён прапануе зьнесьці Палац культуры і навукі, манумэнтальны будынак, які знаходзіцца ў цэнтры польскай сталіцы, падарунак Сталіна Польшчы. «Я за тое, каб Палац культуры і навукі, рэлікт камуністычнай улады, зьнік з цэнтра Варшавы. Я мару пра гэта 40 гадоў», – адказаў Маравецкі, калі яго папрасілі даць камэнтар словам міністра культуры Пятра Гліньскага, які заявіў, што ён ня супраць зносу будынку.
«Мы доўга чакалі той хвіліны, каб спакойна размаўляць аб тым, што гэты сымбаль панаваньня камунізму, гэты палац, які калісьці называўся Палацам Сталіна, сапраўды павінен зьнікнуць», – заявіў Маравецкі і дадаў, што ў яго перакананьні, празь некалькі гадоў там будуць стаяць прыгожыя жылыя дамы. Па словах віцэ-прэм’ера, лёс Палаца культуры і навукі не зьяўляецца прыярытэтнай справай для кіруючых сілаў, але яны хацелі б, каб на гэтым месцы паявілася нешта больш прыгожае ды важнае.
Niezalezna.pl/нг