Logo Polskiego Radia
Print

Паліва з водарасьцяў стане паўсюдным у 2090 годзе

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.08.2017 15:21
  • навука 1708.mp3
Сярод усіх вядомых водарасьцяў для вытворчасьці біяпаліва больш за ўсё падыходзяць крамяністыя водарасьці.
pixabay.com/Public Domain CC0

Паліва з водарасьцяў стане паўсюдным у сьвеце ўжо ў 2090 годзе – заяўляе біёляг з амэрыканскага Ўнівэрсытэту Каларада прафэсар Джон Кацёлэк. Паводле яго, сярод усіх вядомых водарасьцяў для вытворчасьці біяпаліва больш за ўсё падыходзяць крамяністыя водарасьці.

«Крамяністыя водарасьці вельмі лёгка вырошчваць. Сярод усіх водарасьцяў яны вырабляюць найбольш алею, а яго структура вельмі набліжаная да структуры вуглевадародаў, якія ўваходзяць у склад нафты. Таму менавіта з гэтымі аднаклетачнымі воднымі арганізмамі зьвязваецца будучыня біяпаліва», – тлумачыць прафэсар.

Навуковец распавёў, што да гэтага часу вытворчасьць алеяў тэставалася на трох групах водарасьцяў: зялёных, залацістых і крамяністых. «Менавіта зь імі навукоўцы зьвязваюць найбольшыя надзеі, калі гаворка ідзе пра біяпаліва. Аднак неабходна памятаць, што цяпер вядомыя каля 225 тысяч гатункаў водарасьцяў», – гаворыць Джон Кацёлэк.

Біёляг тлумачыць, што водарасьці – гэта паліва будучыні. Для вытворчасьці паліва водарасьці выкарыстоўвалі б фосфар і азот альбо дыяксід вугляроду, празьмерная колькасьць якога выклікае некарысныя зьмены ў воднай экасыстэме. У сувязі з гэтым мяркуецца, што гадоўля водарасьцяў адбывалася б блізу электрастанцый, якія выкідваюць дыяксід вугляроду, альбо блізу ачышчальных збудаваньняў, адкуль можна чэрпаць фосфар і азот.

Вытворчасьць паліва з водарасьцяў зьяўляецца ня толькі экалягічнай, але і эфэктыўнай. Колькасьць вырабленага алею з водарасьцяў у тысячы разоў большая, чым колькасьць паліва з рапсу. Акрамя таго водарасьці зьяўляюцца аднаўляльнай крыніцай у адрозьненьні ад вугалю і нафты.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт