Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыканцы плянуюць ашчаджаць дзякуючы палякам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.07.2017 14:33
Польскія навукоўцы распрацавалі прыкладаньне дзеля барацьбы зь бяссоньніцай.
www.pixabay.com

Група польскіх навукоўцаў ды праграмістаў тры гады працавала над прыкладаньнем на смартфоны, якое паляпшае якасьць сну – чытаем у выданьні «Newsweek Polska». Пачынаецца апошні этап выпрабаваньняў прыкладаньня, у якім кожны можа ўдзельнічаць.

Прынцып дзейнасьці Nightly вельмі просты: перад сном трэба апрануць слухаўкі, а прыкладаньне ўключае гукі, які дапамагаюць заснуць. Калі ноччу здарыцца кашмарны сон, прыкладаньне ўключыць гукі, якія дазволяць супакоіцца, але пры гэтым сьпячы не прачнецца. Раніцай будзільнік пачне званіць у адпаведнай фазе сну, каб можна было прачнуцца спакойна і ў бадзёрым стане.

Прыкладаньне – гэта вынік трох гадоў працы групы інфарматыкаў і вучоных, зьвязаных з Вышэйшай школай грамадзкай псыхалёгіі. Адзін са стваральнікаў прыкладаньня Лукаш Младышэўскі быў заўважаны за акіянам, амэрыканцы запрасілі яго да супрацоўніцтва. У ЗША вырашылі, што польскае вынаходніцтва дазволіць амэрыканскай службе аховы здароўя зэканоміць мільёны даляраў. Кожны другі амэрыканскі жаўнер пакутуе ад страшных сноў, а кожны дзесяты жыхар Амэрыкі змагаецца з бяссоньніцай. Прыкладаньне дазволіць зьменшыць колькасьць хімічных прэпаратаў, якія лекары прапісваюць на бяссоньніцу.

На гэтым тыдні пачынаецца перадапошні этап дасьледаваньняў, у якім можа прыняць удзел кожны поўнагадовы чалавек, валодаючы ангельскай мовай. Пазьней цягам двух гадоў прыкладаньне будзе праходзіць выпрабаваньні ў ЗША ў клінічных умовах. Аўтары імкнуцца атрымаць сэртыфікат амэрыканскага ўрадавага агенцтва лекаў і харчаваньня, каб прыкладаньне лічылася лякарствам.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт