Logo Polskiego Radia
Print

Палякі плянуюць увесьці плату за поліэтыленавыя пакеты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.07.2017 15:10
У сярэднім эўрапеец выкарыстоўвае 200 пакетаў у год, а паляк – больш за 500.
pixabay.com/Public Domain CC0

Сёньня польскі ўрад разглядае прапановy ўнясеньня паправак у закон аб гаспадарцы ўпакоўкамі і перапрацоўцы ўпаковачных адпадаў. Радыкальнае зьмяншэньне выкарыстаньня поліэтыленавых пакетаў – гэта адна з мэтаў Эўрапейскага Зьвязу – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita».

Эўрапейская камісія імкнецца, каб да 2019 году на аднаго жыхара ЭЗ прыходзілася ня больш за 90 такіх пакетаў, а пазьней – яшчэ менш. Цяпер адзін эўрапеец выкарыстоўвае ў сярэднім амаль 200 пакетаў у год, а паляк – больш за 500.
Згодна новаму законапраекту, за ўсе поліэтыленавыя пакеты ў крамах неабходна будзе плаціць, максымальна – 1 злоты. Па словах віцэ-міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Славаміра Мазурэка, у сярэднім такі пакет жыве каля 20 хвілін, каб толькі давезьці або данесьці пакупкі да дому, і тады пакецік выкідваецца. Для палякаў лічыцца перш за ўсё фінансавы аргумэнт. Калі трэба будзе плаціць за пакет, то многія пачнуць хадзіць у краму са сваімі торбамі.

Дыскусія пра бясплатныя пакеты ідзе здаўна. Многія крамы ўвялі ўжо аплаты. Дзякуючы гэтаму іх выкарыстаньне значна панізілася ўсюды, дзе плата была ўведзеная. Напрыклад, у Сан-Фрацыска або Нью-Ёрку нават была ўведзеная забарона карыстацца ў крамах тонкімі поліэтыленавымі пакецікамі аднаразовага карыстаньня. У Эўропе такія пакецікі практычна зьніклі з крам у Скандынавіі. У Даніі або Швэцыі ёсьць ужо толькі торбы шматразовага карыстаньня.

У Польшчы экалягічная сьвядомасьць грамадзтва значна ніжэйшая, таму, на думку прадстаўніка адной з гандлёвых сетак, пройдзе нават некалькі дзесяткаў гадоў, перш чым палякі прывыкнуць рабіць пакупкі з уласнай торбай.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт