Каля мільёна дзяцей у Польшчы не атрымлівае алімэнтаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.01.2017 16:19
Існуюць магчымасьці патрабаваць заплаты пратэрмінаваных грошай, але ўсе яны малаэфэктыўныя.
www.pixabay.com
У Польшчы няма афіцыйных дадзеных, колькі людзей не плаціць алімэнты на сваіх дзяцей. Тым ня менш, з дадзеных судовых выканаўцаў вынікае, што праблема можа датычыць нават 1 мільёна дзяцей – піша «Gazeta Wyborcza».
Існуе некалькі магчымасьцяў патрабаваць заплаты пратэрмінаваных грошай, але на практыцы ўсе яны малаэфэктыўныя, таму часта маці (а пераважна яны застаюцца зь дзецьмі пасьля разводу) нават не стараюцца распачаць працэдуры спагнаньня алімэнтаў. І маюць рацыю, бо эфэктыўнасьць дзяржаўных органаў у гэтай галіне вельмі нізкая.
Нікога нельга прымусіць кахаць, але сваім дзецям неабходна даць сродкі хаця б на элемэнтарныя патрэбы. І таму міністэрства юстыцыі падрыхтавала праект зьменаў Крымінальнага кодэксу. Згодна праекту, даўжніку, які ня плаціць як мінімум тры месяцы або яго доўг па алімэнтах складае больш чым аплата за тры месяцы, пагражаў бы штраф, абмежаваньне волі або турэмнае зьняволеньне тэрмінам да аднаго году. Яшчэ больш суровае пакараньне (да двух гадоў пазбаўленьня волі) пагражала б тым даўжнікам, дзеці якіх ня маюць задаволеных нават элемэнтарных патрэб – напрыклад, маці ня можа купіць дзіцяці ежу, адзеньне, лякарствы. Зьмены датычаць толькі тых даўжнікоў, якія злосна ўхіляюцца ад выплаты алімэнтаў, а іх матэрыяльны стан дазваляе ім плаціць.
Gazeta Wyborcza/нг