Logo Polskiego Radia
Print

Брок – даваеннае месца адпачынку варшавянаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.01.2017 17:40
  • Брок.mp3
Гарадок быў тады важным рачным портам, які выконваў істотную ролю ў камунікацыі па рацэ Буг.
Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0

Сёньня я запрашаю ў Брок (Brok) - горад у Мазавецкім ваяводзтве, сядзібу гмінных уладаў. Брок разьмешчаны ў Даліне Ніжняга Бугу, на рэках Буг і Брок. Гэта гарадок невялікіх памераў. Паводле статыстычных дадзеных, на сёньняшні дзень тут пражывае каля 2 тысяч чалавек.

Гісторыя: Першая згадкі пра Брок адносяцца да 1203 году. У раньнім сярэднявеччы тут было заснаванае паселішча на гандлёвым шляху, які спалучаў Памор’е й Кіеўскую Русь. У 1501 годзе пасёлак атрымаў гарадзкія правы ад Плоцкага біскупа Вінсэнта Пшэрэмбскага (Wincenty Przerębski).

XVІ і XVІІ стагодзьдзі - гэта пэрыяд пасьпяховага разьвіцьця горада. У 1578 годзе ў больш чым 450 дамах, у асноўным цагляных, тут пражывалі каля 2 700 чалавек. Апрача таго, хронікі паведамляюць пра дзьве сталеліцейныя печы, шматлікіх рамесьнікаў, рыбакоў, купцоў і г.д.

Брок быў тады важным рачным портам, які выконваў істотную ролю ў камунікацыі па рацэ Буг. Ён быў таксама цэнтрам гандлю й рамёстваў, сядзібай асацыяцыі пчаляроў, якія адказвалі за борці ва ўсёй пушчы плоцкіх біскупаў. Разьвіцьцё гарадка працягвалася ажно да Швэдзкага патопу ў 1655 годзе.

Брок быў любімым месцам адпачынку ерархаў Плоцкай дыяцэзіі, таму яны загадалі пабудаваць ля вусьця ракі Буг палац, які выконваў функцыю летняй рэзыдэнцыі.

У 1854 годзе Брок налічваў 175 дамоў, а колькасьць насельніцтва складала 1 755 чалавек, зь якіх 60,9% складалі хрысьціяне й 39,1% - габрэі.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя праф. Войцех Багуміл Ястшэмбскі (Wojciech Bogumił Jastrzębowski) стварыў у суседняй вёсцы Фэліксова (Feliksowo) экспэрымэнтальную лясную гаспадарку са школай для лесьнікоў. Адным з вучняў гэтай школы быў Людамір Бэнэдыктовіч (Ludomir Benedyktowicz) – лясьнік, вядомы мастак, удзельнік Паўстаньня 1863 году.

Гарадзкія правы, страчаныя пасьля паўстаньня, Брок атрымаў назад толькі ў 1922 годзе. Тагачасныя жыхары прыклалі шмат намаганьняў, каб павысіць значэньне гарадка. У 1935 годзе прадстаўнікі Таварыства сяброў гораду Брок запрапанавалі пераўтварыць яго ў летні курорт.

Photo:
Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0

У гэтым пэрыядзе ўзьніклі шматлікія пансіянаты, прыватныя кватэры, гарадзкая ратуша, школа, прыстань для яхтаў, некалькі заводаў малой прамысловасьці й электрычная сетка. Брок стаў вядомым і папулярным сярод жыхароў Варшавы летнім месцам адпачынку.

Заквітнела культурнае жыцьцё населенага пункта – тут дзейнічалі непрафэсійныя тэатральныя калектывы, музычныя групы, хоры, духавы аркестар Добраахвотніцкай пажарнай брыгады.

У 30-х гадах XX стагодзьдзя ў Броку з сям'ёй пражываў Томаш Янішэўскі (Tomasz Janiszewski) (1867-1939) – вядомы польскі лекар, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта, які ў 1919 годзе быў міністрам аховы здароўя ва ўрадзе Ігнацы Яна Падэрэўскага (Ignacy Jan Paderewski).

У час Другой сусьветнай вайны Брок быў зьнішчаны ў 80% і вяртаўся да жыцьця на працягу доўгага часу. Толькі ў канцы 50-х пачалося ягонае хуткае разьвіцьцё, зьвязанае з будаўніцтвам многіх цэнтраў адпачынку, уласнасьці дзяржаўных прадпрыемстваў і ажыўленьнем турызму.

Менавіта таму агульнанацыянальны сацыяльна-эканамічны крызыс, які адбыўся ў канцы 80-х гадоў, закрануў Брок асабліва балючым чынам. Прадпрыемствы адмаўляліся ад коштаў утрыманьня цэнтраў адпачынку і закрывалі іх. Такім чынам турыстычнае жыцьцё ў гарадку на Бузе пачало заміраць.

Помнікі старадаўнасьці: Прабываючы ў Броку, варта наведаць некалькі цікавых помнікаў старадаўнасьці, сярод якіх:

Photo:
Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0

- Касьцёл св. Андрэя Апостала - готыка-рэнэсансавы аб’ект з 1542-1560 гадоў, які праектаваў архітэктар часоў рэнэсансу Джавані Бабтыста Вэнэцыянін. Сьвятыня ляжыць на краязнаўчым шляху „Жамчужыны Мазовіі”.

- Руіны замку Плоцкіх біскупаў, якога будаўніцтва ў 1607 годзе пачаў біскуп Генрык Фірлей (Henryk Firlej). Варта дадаць, што ў палацы вучыўся ў юнацтве польскі кароль і вялікі літоўскі князь Міхал Вішнявецкі. Замак быў разбураны ў 1657 годзе падчас Швэдзкага патопу й адбудаваў у 1716 годзе па загадзе біскупа Людвіка Залускага (Ludwik Zaluski). У 1822 годзе палац занялі ўлады Прусіі. У 1831 годзе гістарычны аб’ект згарэў, а ў пачатку XX стагодзьдзя быў часткова разабраны мясцовымі сялянамі. На сёньняшні дзень з былога палацу засталіся толькі фрагмэнты вежы й падмуркаў. У мясцовым касьцёле можна пабачыць мармуровую дошку з 1716 году, якая калісьці была зьмешчаная над уваходам у палац, з надпісам „Ante istas fores l Quisquis antea fores / Vidisses inter favillas / hoc palatium, civitatem et villas”.

- Габрэйскія могілкі з канца XVIII стагодзьдзя;

- Гарадзкая ратуша, пабудаваная ў першай палове XIX стагодзьдзя ў клясычным стылі й перабудаваны ў 1929 годзе.

- Дамы з XIX стагодзьдзя на Касьцельнай плошчы.

- На трасе Брок – Парэмба (Poręba) знаходзяцца адноўленыя ў 2008 годзе могілкі. Тут у брацкай магіле пакояцца астанкі жаўнераў розных нацыянальнасьцяў, якія загінулі ў 1914-1918 гадах. У 2010 годзе ў рамках праграмы „Катынь - выратаваць ад забыцьця” на могілках была адкрытая мэмарыяльная дошка, прысьвечаная памяці лесьнікоў, забітых НКУС у Харкаве й Катыні ў 1940 годзе. Каб ушанаваць іх памяць, былі пасаджаныя таксама чатыры дубы.

- Побач габрэйскіх могілак знаходзіцца габрэйскі курган. Раней на ім разьмяшчаўся драўляны гэтак званы „Вогненны крыж”. Тут пахаваныя астанкі каля 1,5 тысячы жыхароў, памерлых у XVII i XVIII стагодзьдзях падчас эпідэміі чумы, або паводле іншых крыніцаў - халеры. У цяперашні час на кургане ўсталяваныя пяць крыжоў, а перад ім - мэмарыяльная дошка.

Photo:
Photo: Katarinka1711 - Praca własna/pl.wikipedia-org/CC BY-SA 3.0

Фундамэнтальныя зьмены, якія вызначылі далейшыя магчымасьці разьвіцьця гарадка адбыліся ў другой палове ХIХ стагодзьдзя ў выніку стратэгічных рашэньняў, прынятых падчас вызначэньня сучаснай сеткі аўтамабільных і чыгуначных дарог. Рачны транспарт страціў сваё значэньне, а сеткі дарог, інтэнсіўна будаваных у XIX стагодзьдзі, абміналі ваколіцу Бугу, то бок таксама Брок. Дарога, якая злучае Варшаву й Беласток, была пракладзена праз гарадкі Вышкаў і Оструў Мазавецкую. Брок апынуўся на абочыне.

Тым ня менш, гарадок захаваў сваё выдатнае разьмяшчэньне на Бугу, чыстае навакольнае асяродзьдзе і паветра. Бракоўскі лес, то бок Белая пушча, захапляе краявідам па сёньняшні дзень.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт