Logo Polskiego Radia
Print

Адзін з найбагацейшых палякаў сёньня гадуе авечак

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.12.2016 14:06
Пасьля таго, як дзяржава амаль не зрабіла прадпрымальніка банкрутам, ён вырашыў радыкальна зьмяніць жыцьцё.
Раман КлюскаРаман Клюскаwww.polskieradio.pl/PAP/A.Hrechorowicz

Раман Клюска ў 1988 годзе заснаваў першую кампутэрную фірму «Optimus», якая ўвайшла на біржу, таксама ён стварыў адзін з найбольш папулярных парталаў «Onet.pl»

Калі яго арыштавалі ў 2002 годзе, уся Польшча задумоўвалася: вінаваты Клюска, ці не вінаваты. Ці гэта бізнэсовец стаў ахвярай дзяржавы, ці гэта ён абкрадаў дзяржаву? Цяпер Раман Клюска жыве ў вёсцы ў гарах, гадуе авечак, вырабляе сыр, пячэ хлеб і кажа: «Я верую ў Бога і таму нічога не баюся».

Аб тым, як адзін з найбагацейшых палякаў, вельмі крэатыўны бізнэсовец, стаў фэрмэрам, Раман Клюска расказвае тыднёвіку «Polska the Times».

«Пасьля заканчэньня працы ў «Optimus» і доўгага пэрыяду перасьледу з боку дзяржавы, я ўпаў духам. Важыў 100 кіляграмаў, мэдыцынскія аналізы былі жахлівыя. Дактары запісалі мноства лекаў і загадалі прымаць да канца жыцьця, бо інакш памру», – расказвае Раман Клюска.

І тады прафэсар Ўроцлаўскага ўнівэрсытэта Бажэна Паткоўска-Сакола расказала бізнэсоўцу пра дасьледаваньні авечага сыра, у якога выяўленыя вялікія лячэбныя якасці, і запрапанавала гадаваць авечак. Раман Клюска тайком аднёс пакет сваіх лекаў у склеп і стаў харчавацца малаком, сырам і маслам са сваёй фэрмы. Праз паўтара году ён пахудзеў на 20 кіляграмаў, а вынікі аналізаў вельмі палепшыліся.

Раман Клюска гадуе цяпер авечак у вельмі сучаснай аўчарні, якую будавалі і абсталявалі немцы, французы, ізраільцяне і швэйцарцы. На фэрме працуе сучасная лябараторыя, бо доўгя гады Раман Клюска імкнуўся вырабіць ідэальны сыр. Авечак ён корміць не мадыфікаванай сояй, а натуральным аўсом, што каштуе даражэй. Не дае жывёле антыбіётыкаў ці гармонаў. Хворая авечка зачыняецца ў ізалятар і або выздаравее, або памрэ. Кошты вытворчасьці падымае таксама ўтрыманьне чысьціні, бо малака Клюска не пастэрызуе.

Сабекошт вырабу аднаго кіляграма сыра - гэта каля 130 злотых. Клюска прадае свой сыр за 150 злотых. На пытаньне, чаму не прадае даражэй, бізнэсовец адказвае: «А што мне рабіць з тымі грашыма, калі іх зараблю. Людзі зарабляюць, зарабляюць і гэтае зарабляньне, а не жыцьцё, становіцца галоўным сэнсам існаваньня».

“Polska the Times” адзначае, што Раман Клюска фінансуе дабрачынныя арганізацыі. Ён стаў вельмі веруючым чалавекам.

Polska the Times/jas

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт