Пакаленьне сёньняшніх 40, – 50-гадовых людзей выхоўвалася ў зусім  іншых умовах, чым сёньняшнія падлеткі. Гаворка ідзе не пра ўзровень  матэрыяльнага забесьпячэньня, які і калісьці, і цяпер бывае розны.  Справа ў доступе сёньняшніх дзяцей да сусьветнага сеціва, інтэрнэту, якога калісьці проста не было.
Цяпер падлеткі практычна цэлымі днямі, а  часта і начамі прыклееныя да сваіх мабільнікаў, пляншэтаў, кампутараў.  Ці ёсьць яшчэ магчымасьць час ад часу вырваць іх з гэтага віртуальнага  сьвету, каб сустрэць з бацькамі, для якіх пастаянны доступ да сеціва  не такі важны? Каля паловы падлеткаў трымае тэлефон пры сабе пастаянна,  нават ноччу. 15% прыходзіць у школу, ня выспаўшыся, паколькі яны ня  могуць позьнім вечарам адарвацца ад экрану. Прыкладна 60% падлеткаў  прызнаецца, што ім здараецца не зрабіць дамашняга заданьня з-за  інтэрнэту, а каля адной чацьвёртай кажа, што яны прынамсі раз у дзень робяць здымкі і ставяць іх у сеціва. У Гдыні вырашылі праверыць, як стануць паводзіць сябе падлеткі, калі ў іх адабраць доступ да сеціва. Фундацыя «Dbam o zasięg»  (Я клапачуся пра дыяпазон) правяла адпаведны экспэрымэнт разам з  сацыёлягамі з Гданьскага ўнівэрсытэту. Ён заключаўся ў тым, што падлеткі  на поўныя трое сутак добраахвотна адмаўляліся ад карыстаньня ўсімі  прыладамі, якія дазваляюць спалучыцца з інтэрнэтам. Падрабязнасьці падае  арганізатар акцыі сацыёляг Мацей Дэмбскі.
М. Дэмбскі: У  экспэрымэнце ўдзельнічала 102 асобы ў Гдыні. Паявілася вельмі многа  нуды. Аказалася, што ў дзяцей паявілася так шмат свабоднага часу, што  дзеці проста ня ведалі, што з сабой зрабіць. Аўтары ідэі думалі, што  некаторыя ўдзельнікі ня вытрымаюць, але аказалася, што ўсе вытрымалі  гэтыя тры дні. Аказалася таксама, што бацькі і дзеці за гэты час  наладзілі больш блізкія адносіны. А па-другое, дзеці высыпаліся.
Ёсьць  яшчэ адна вельмі важная рэч, якую зразумелі падчас экспэрымэнту яго  ўдзельнікі – як моцна можа перашкаджаць іншым тое, што падлеткі  практычна ўвесь час ня могуць адарвацца ад сеціва.
М.  Дэмбскі: Дзеці падчас экспэрымэнту ўпершыню ўбачылі, на колькі часта  іншыя карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі, і як гэта можа перашкаджаць у  кантактах з імі. Дзеці хадзілі ў школу, але не маглі карыстацца  тэлефонамі. І калі яны хацелі паразмаўляць з калегамі, то аказвалася,  што тыя ня маюць часу, бо сядзяць у сеціве. Падлеткі зразумелі тое, што для нас элемэнтарнае – як гэта жыць без інтэрнэту.
Тры  дні – гэта, канешне, надта мала часу, каб такі экспэрымэнт аказаў моцны  і трывалы ўплыў на жыцьцё дадзеных падлеткаў. Тым ня менш, ён дазволіў  ім задумацца над сваім жыцьцём і паводзінамі, над тым, каб усё ж такі  пастарацца хаця б крыху абмежаваць час карыстаньня інтэрнэтам, асабліва  калі ён пачынае небясьпечна ўцягваць іх у сваё сеціва. А некаторыя нават падоўжылі экспэрымэнт.
М.  Дэмбскі: Некаторыя дзеці самі добраахвотна працягнулі экспэрымэнт на  адзін, два дні, і былі гэтым вельмі задаволеныя. Іншыя, наадварот,  лічылі гадзіны і хвіліны да канца гэтага своеасаблівага посту – жыцьця  без інтэрнэту. І калі яны ў канцы канцоў дарваліся да свайго тэлефону,  то не маглі ад яго адарвацца.
Якая галоўная выснова, якую можна зрабіць з дадзенага экспэрымэнту?
М.  Дэмбскі: Нельга сказаць, што гэта аповед пра дзяцей, якія трапілі ў  залежнасьць ад інтэрнэту. Гэта аповед пра адносіны дзяцей з бацькамі, а  часта адсутнасьць гэтых адносін. Акрамя таго, мы зрабілі такую выснову,  што часта самі бацькі пасрэдна прымушаюць дзяцей карыстацца тэлефонамі.  Дзеці нават казалі нам, што яны ахвотна нават пакінулі б мабільнік  дома, але мама не дазваляе, патрабуе, каб дзіця заўсёды адказвала на  званкі і СМС-паведамленьні.  Чарговая выснова: калі ў дзіцяці ёсьць нейкае зацікаўленьне, то яму  лягчэй адарвацца ад інтэрнэту. Падлеткі, якія займаюцца спортам,  удзельнічаюць у валянцёрскай дзейнасьці, без ніякіх праблем прайшлі праз гэты экспэрымэнт. Так што варта рабіць такую свайго роду лічбавую дэтаксыкацыю разам з бацькамі.
Нагадаем,  у экспэрымэнце, падчас якога падлеткі цягам трох дзён не карысталіся  інтэрнэтам, прыняла ўдзел 102 школьнікаў з Гдыні ва ўзросьце 12-18  гадоў. Дзеці маглі толькі слухаць радыё, але не праз інтэрнэт, а па радыёпрымачу. А пра акцыю распавёў сацыёляг Мацей Дэмбскі.
І Пр. ПР/нг