Logo Polskiego Radia
Print

Магіла невядомага жаўнера ў Варшаве (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.11.2016 15:17
  • Магіла невядомага (2).mp3
Сёлета палякі адзначалі 91 гадавіну ўзьнікненьня гэтага сымбалю барацьбы за Айчыну.
Photo:Alina Zienowicz Ala z - Praca własna/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

На гэтым тыдні запрашаю Шаноўнае Спадарства пазнаёміцца зь незвычайнай гісторыяй Магілы невядомага жаўнера ў Варшаве. Сёлета палякі адзначалі 91 гадавіну ўзьнікненьня гэтага вядомага помніка-сымбалю барацьбы за Айчыну.

Магіла невядомага жаўнера разьмяшчаецца ў самым цэнтры польскай сталіцы, то бок на плошчы імя маршала Юзэфа Пілсудзкага. Яе мэта - ушанаваньне памяці палякаў, загінуўшых у барацьбе за незалежнасьць.

Ідэя аддаць пашану безыменным жаўнерам, якія загінулі ў баявых дзеяньнях, нарадзілася адразу пасьля Першай сусьветнай вайны ў Францыі. Дарэчы, першая ў сьвеце Магіла невядомага жаўнера была створана менавіта ў Парыжы ў 1920 годзе.

У Польшчы першыя ініцыятывы па стварэньні гэткага месца памяці ўзьніклі ў 1921 годзе. Першым у краіне быў усталяваны помнік Невядомаму жаўнеру ў Лодзі. Яго адкрыцьцё адбылося 22 сакавіка 1925 году.

Магіла невядомага жаўнера ў Варшаве была адкрытая 2 лістапада 1925 году па ініцыятыве тагачаснага прэзыдэнта Станіслава Вайцяхоўскага (Stanisław Wojciechowski). Пачаткова пад увагу бралася некалькі магчымых месцаў разьмяшчэньня помніка, аднак канчаткова сымбалічная магіла была зьмешчаная ў цэнтральнай частцы каланады Саксонскага палаца, паколькі там ужо знаходзілася памятная пліта.

У той жа дзень адбылася ўрачыстасьць перапахаваньня астанкаў польскага жаўнера з могілак Абаронцаў Львова. Львоў быў выбраны сярод больш за дзесяці іншых месцаў гераічных баёў польскіх вайскоўцаў.

Photo:
Photo: Fotograf we Lwowie z lat 20. XX wieku/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

На цырымоніі прысутнічалі: прэзыдэнт Станіслаў Вайцяхоўскі, генэрал Уладзіслаў Сікорскі і маршал Юзэф Пілсудзкі.

Стваральнікам магілы быў мастак-скульптар Станіслаў Казімеж Астроўскі (Stanisław Kazimierz Ostrowski).

Пасьля цырымоніі адкрыцьця помнік сталі наведваць тысячы жыхароў Варшавы. Дайшло да таго, што 4 лістапада 1925 году натоўп пашкодзіў ланцугі, якія акружалі помнік, і ў сытуацыю была прымушаная ўмяшацца паліцыя. Ля помніка быў пастаўлены паліцэйскі кардон, які рэгуляваў рух наведвальнікаў.

Photo:
Photo: The source didn`t provide an information who personally the author is. - The book of A. Jankowski "Warszawa" Publisher:Wydawnictwo Polskie, Poznań, (1920-1925 no precise date of publishing included) page 81/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Перад помнікам мінакі сталі здымаць шапкі й схіляць галаву. Апрача таго ў яго непасрэдным суседзтве нельга было курыць цыгарэты й праводзіць гучныя размовы.

У гэтым часе перад помнікам зьявілася ганаровая варта. Спачатку ў гадавіны паасобных бітваў ля помніка стаялі жаўнеры ў гістарычных ваенных формах.

Падчас Другой сусьветнай вайны й акупацыі Магіла невядомага жаўнера нанава стала для палякаў месцам асабліва важным і паважаным. Часта рызыкуючы жыцьцём, для захаваньня нацыянальнага духу невядомыя ўскладалі да помніка кветкі.

З траўня 1942 году Саксонскі сад быў раёнам, якім маглі карыстацца выключна немцы (nur für Deutsche). З гэтага часу захаваліся здымкі нямецкага фатографа, на якіх можна паглядзець каланаду Саксонскага палацу з лунаючым над ім гітлераўскім сьцягам.

Падчас Варшаўскага паўстаньня Саксонская плошча ўвесь час заставалася ў руках немцаў. Гітлераўцы, разумеючы, што палякі могуць захацець узяць гэтую плошчу пад свой кантроль, разгарнулі вакол яе ключавыя падразьдзяленьні.

28 сьнежня 1944 гітлераўцы разбурылі Саксонскі палац. І хоць палацавы комплекс быў зьнішчаны, то манумэнтальная каланада над Магілaй невядомага жаўнера часткова захавалася.

Photo:
Photo: Jan Bułhak - Stanisław Jankowski, Adolf Ciborowski "Warszawa 1945 i dziś" Wydawnictwo Interpress, Warszawa, 1971, page 66/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Як гэта магчыма, што тры аркі над магілай захаваліся? Паводле некаторых гістарычных крыніцаў, гітлераўскі жаўнер, які павінен быў узарваць каланаду, ня выканаў загаду. Некаторыя кажуць, што ён разумеў значэньне магілы –помніка.

Ужо ў 1946 годзе помнік быў адноўлены й паўторна адкрыты. У 1990-1991 гадах яго дэкор быў часткова зьменены.

Цяпер Саксонскі палац не існуе, хоць на працягу дзесяцігодзьдзяў узьнікалі розныя ідэі яго адбудовы. Тым ня менш аркада з голымі цэгламі скляпеньня пастаянна напамінае пра манумэнтальны палацавы комплекс, які стаяў тут да вайны.

На магіле гарыць вечны агонь, жаўнеры Войска Польскага трымаюць круглыя суткі ганаровую варту, а падчас дзяржаўных урачыстасьцяў прадстаўнікі ўладаў ускладаюць на яe вянкі. Магіла зьяўляецца таксама неад’емнай і абавязковай часткай экскурсіяў па сталіцы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт