Logo Polskiego Radia
Print

У Кыргыстане ўвялі пакараньне за шлюб зь дзецьмі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.11.2016 13:45
15% кыргыскіх жанчынаў заключае рэлігійны саюз да паўналецьця, а 1% да дасягненьня 15 гадоў.
Photo: pixabay.com

У Кыргыстане было ўведзенае пакараньне за заключэньне рэлігійных саюзаў зь непаўналетнімі. Сьвятарам і бацькам непаўнагадовых, якія давядуць да заключэньня такога саюза, будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Адпаведны закон аб унясеньні зьменаў у Грамадзянскі й Крымінальны Кодэксы падпісаў у апошнюю пятніцу прэзыдэнт краіны Алмазбэк Атамбаеў, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Паводле законаў, заключэньне шлюбнага саюзу магчымае ў Кыргыстане ва ўзросьце 18 гадоў. У асаблівых выпадках чыноўнікі могуць панізіць гэты ўзрост, але ня больш чым на год. Да гэтай пары абыйсьці закон можна было шляхам заключэньня гэтак званага рэлігійнага шлюбнага саюза.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, каля 15% кыргыскіх жанчын уступае ў шлюбны саюз да дасягненьня паўналецьця, а 1% - да дасягненьня 15 гадоў.

Паводле часткі кыргыскіх палітыкаў, раньні шлюб уяўляе сабой пагрозу для жыцьця й здароўя дзяўчынак, уплывае на ўзровень іх адукацыі, а таксама зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека.

Аднак камэнтатары сумняюцца, ці новыя правілы прычыняцца да зьмены сытуацыі. Яны нагадваюць, што для часткі грамадзянаў рэлігійны саюз важнейшы, чым грамадзянскі.

Паводле апытаньня, праведзенага па замове ЮНІСЭФ, ажно 58% мужчыны ў Кыргыстане падтрымлівае рэлігійны саюз. У гэткіх саюзах, паводле дадзеных, нараджаецца таксама 30% дзяцей.

Закон выклікаў бурную дыскусію ў парлямэнце й быў некалькі разоў адхілены. Канчаткова за яго прыняцьце прагаласавалі 69 дэпутатаў, 30 былі супраць, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт