Logo Polskiego Radia
Print

Пэрспэктывы выкарыстаньня бесьпілётнікаў вялікія

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.10.2016 13:48
Польшча знаходзіцца на чацьвёртым месцы на сьвеце з увагі на колькасьць апэратараў БЛА.
www.pixabay.com/CCO

На мінулым тыдні ў Торуні адбыўся зьезд навукоўцаў і аматараў бесьпілётных лятальных апаратаў – нагадвае «Polska The Times». У паветры, але таксама на вадаёмах, бесьпілётных апаратаў будзе з часам усё больш, хаця намеры іх аўтараў не заўсёды добрыя.

БЛА можа набыць як асоба, якая хоча падглядаць кагосьці, так і злодзей або тэрарыст. З іншага боку, бесьпілётнікаў выкарыстоўваюць з добрымі мэтамі пажарная ахова, ахова чыгункі або памежная варта, а таксама інспэктары аховы навакольнага асяродзьдзя. Больш пасьпяховая і таньнейшая можа быць выратавальная акцыя з выкарыстаньнем БЛА ў гарах або на адкрытым моры.

Магчыма, у будучыні бесьпілётнікі адбяруць працу частцы людзей, напрыклад, ахоўнікам. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, паколькі новыя тэхналёгіі ў некаторых сфэрах замяняюць жывых працаўнікоў, – адзначае прадстаўнік Тэхнічнага інстытуту Авіяцыйных войскаў у Варшаве Марцін Альшэўскі. І прыводзіць словы амэрыканцаў, якія заявілі, што праз 10 гадоў яны ўжо ня будуць выпускаць баявых экіпажных самалётаў, усе машыны будуць мець кіраваньне на адлегласьць. У грамадзкай авіяцыі зьмены наступяць пазьней.

Ужо сёньня БЛА выконваюць частку працы людзей. Паліцыя карыстаецца бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі падчас працы сапёраў, неўзабаве яны пачнуць выкарыстоўвацца, каб назіраць з паветра за бясьпекай падчас масавых мерапрыемстваў. БЛА ў шмат разоў таньнейшыя, чым верталёты, больш мабільныя і эфэктыўныя. Чарговая задача: ахова дзяржаўных межаў, акцыі пошуку прапалых.

Польшча, дарэчы, знаходзіцца на чацьвёртым месцы на сьвеце з увагі на колькасьць апэратараў БЛА з сэртыфікатам. У краіне такіх апаратаў ёсьць каля дзьвюх тысяч. Неўзабаве яны стануць аўтанамічнымі робатамі. Каб кіраваць такім апаратам, неабходная будзе толькі кароткая падрыхтоўка.

Polska The Times/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт