Logo Polskiego Radia
Print

Парк дзікіх жывёлаў у Кадзідлове (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.09.2016 15:41
  • Кадзідлова.mp3
У парку праходзіць рэінтрадукцыя рысі на базе драпежнікаў, прывезеных з заапарку ў Менску.
Photo:Zadrożna Anna/Redakcja Białoruska

На гэтым тыдні запрашаю, Шаноўнае Спадарства, у Парк дзікіх жывёлаў у Кадзідлове. Кадзідлова (Kadzidłowo) – гэта невялікая вёска, распаложаная ў Піскай пушчы (Puszcza Piska) на тэрыторыі Мазурскага ляндшафтнага парку па дарозе паміж двума вядомымі мазурскімі гарадкамі Руцянэ-Ніда (Ruciane-Nida) й Міколайкі (Mikołajki).

Парк дзікіх жывёлаў у Кадзідлове займае плошчу каля 100 га, яго заснаваў доктар прыродных навук Анджэй Кшывіньскі (Andrzej Krzywiński). Парк носіць імя вядомага польскага прыродазнаўца й патрыёта Бэнэдыкта Дыбоўскага (Benedykt Dybowski).

Падчас паўстаньня 1863 году Бэнэдыкт Дыбоўскі быў камісарам Нацыянальнага ўраду на тэрыторыі Летувы й Беларусі. За сваю дзейнасьць у 1864 годзе навуковец быў сасланы ў Сібір, дзе прычыніўся да спазнаньня прыроды гэтай часткі сьвету. Менавіта таму ў парку можна таксама паглядзець групу жывёлаў зь Сібіры й Далёкага Ўсходу.

/

Мэтай парку зьяўляецца распаўсюд ведаў, у асноўным пра мясцовыя віды жывёлаў. Разьмяшчэньне парку на лясных палянах стварае жывёлам умовы жыцьця, вельмі набліжаныя да натуральных.

Большасьць жывёлаў у парку прыязная чалавеку, таму наведвальнікі могуць уваходзіць да іх у загоны, а нават карміць, гладзіць і захапляцца імі зблізку.

Photo:Zadrożna
Photo:Zadrożna Anna/Redakcja Białoruska

У сувязі з памерам і характарам парку, наведваць яго можна выключна зь гідамі, якія расказваюць аб асобных жывёлах, іх біялёгіі, звычках і неабходнасьці аховы. Гэта адносіцца, перш за ўсё, да рэдкіх відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, такіх як рысь, воўк, пугач, цецярук, глушэц, рабчык.

Гаспадары лічаць сваім вялікім посьпехам тое, што дзікія жывёлы размнажаюцца ў парку, то бок у няволі. Гэта, паводле іх, сьведчыць пра адпаведныя ўмовы іх утрыманьня.

У парку праходзіць таксама навуковая праца па ахове й рэінтрадукцыі тых відаў, якія ў цяперашні час знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Напрыклад, праграма рэінтрадукцыі рысі звычайнай у Піскай пушчы праходзіць пад назовам „Born to be free”(„Народжаныя быць свабоднымі”).

У Польшчы ў цяперашні час пражывае толькі каля 200 рысяў, у асноўным у гарах Бяшчадах, а таксама ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, галоўным чынам у Белавескай пушчы.

Часткова ізаляваная папуляцыя рысі ў Піскай пушчы спыніла сваё існаваньне каля 20 гадоў таму. Асноўнай прычынай выміраньня былі, верагодна, занадта інтэнсіўныя паляваньні.

Паколькі лес на Мазурах да гэтага часу захаваў свой натуральны характар, шмат сьведчыць пра тое, што гэты прыгожы драпежнік мог бы пасьпяхова вярнуцца на дадзеную тэрыторыю. На жаль, у польскіх заапаркаў жыла толькі карпацкая рысь. Таму для рэінтрадукцыі віду ў парк ў Кадзідлове была адмыслова прывезеная рысь з заапарку ў Беларусі, у прыватнасьці зь менскага заапарку. Паводле адмыслоўцаў, яна найбольш падобная на той від рысяў, якія натуральна жылі ў гэтым рэгіёне.

Аўтарскі мэтад рэінтрадукцыі „Born to be free”, распрацаваны паркам у Кадзідлове, зводзіцца да таго, што ў сярэдзіне лесу, у найбольш адпаведных для рысяў умовах, пабудаваны вальеры, у якіх былі зьмешчаныя дарослыя жывёлы. Маладыя нараджаюцца ў цішыні лясоў, а вальер пабудаваны такім чынам, што зь першых дзён жыцьця малыя могуць выходзіць на вонкі праз невялікія праходы, праз якія дарослыя асобнікі выйсьці ня могуць.

Photo:Zadrożna
Photo:Zadrożna Anna/Redakcja Białoruska

У зімовы пэрыяд Парк дзікіх жывёлаў у Кадзідлове можна наведваць з панядзелка па пятніцу, а 12:00 гадзіне. Па суботах і нядзелях – а 10:00, 12:00 і 13:30. У летнім сэзоне, то бок з канца красавіка да сярэдзіны кастрычніка, парк дзейнічае з 09:30 да 18:00. Час наведваньня складае каля 1,5 гадзіны. Кошт квіткоў для індывідуальных турыстаў: 18 злотых для дарослай асобы й 9 злотых для дзяцей (3-16 гадоў). Для буйных школьных групаў (ня менш за 20 чалавек) квіткі яшчэ таньнейшыя.

Photo:Zadrożna
Photo:Zadrożna Anna/Redakcja Białoruska

Апрача рысі, іншымі прываблівасьцямі Парку дзікіх жывёлаў у Кадзідлове зьяўляюцца, сярод іншага: амэрыканскі бізон, зубр, бабры, ваўкі, жураўлі, совы, рабчыкі, цецярук, глушэц, алені Дыбоўскага, аслы, казулі, Польскія конікі (польская парода невялікіх коней), дзікі й шматлікія віды як мясцовых, так і экзатычных птушак.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт