Logo Polskiego Radia
Print

Экзамены - як змагацца са стрэсам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.05.2016 14:53
  • экзамены.mp3
Якім чынам эфэктыўна засвойваць веды, як справіцца са стрэсам перад іспытамі.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У траўні польскія выпускнікі сярэдніх школ здаюць іспыты на атэстат сталасьці. Беларускіх школьнікаў такія экзамены чакаюць у чэрвені. Як справіцца са стрэсам, зьвязаным з выпрабаваньнем, якім чынам эфэктыўна засвойваць веды?

Важны экзамен, а такой праверкай зьяўляюцца іспыты пасьля сярэдняй школы, гэта важная падзеі ў жыцьці маладога чалавека, але таксама яго бацькоў ды іншых блізкіх людзей. Гэта заўсёды зьвязана са стрэсам, большым або меншым, і ня толькі стрэсам дзяцей, але таксама іх бацькоў, якія часам перажываюць нават больш, чым сын або дачка. Усім нам прыходзіцца час ад часу набыць новыя веды ды ўменьні, але ў маладосьці працэс вучобы асабліва інтэнсіўны. За яго адказваюць розныя часткі мозгу, у залежнасьці ад таго, што мы вывучаем. І вучымся мы па-рознаму, – гаворыць псыхоляг Маніка Валіньска.

М. Валіньска: Гэта можа быць досьвед, калі мы нешта перажываем, можна таксама вучыцца на памяць. Існуе агульнае правіла, што чым больш розныя пачуцьця мы ўключаем у працэс вучобы, тым больш яна эфэктыўная. Ёсьць людзі, якія вучацца, чытаючы тэкст, іншым трэба таксама пачуць матэрыял, абмеркаваць яго з іншымі, або хаця б начытаць услых. Ёсьць школьнікі, якім дастаткова пачуць матэрыял ад настаўніка ў школе, каб яго памятаць. Некаторыя эфэктыўна вучацца, калі расказваюць, што ім трэба вывучыць.

Некаторым людзям замала чытаць або слухаць тэкст. Ім патрэбныя дадатковыя імпульсы, каб працэс вучобы адбываўся эфэктыўна.

М. Валіньска: Гэта асобы, якім неабходна нейкім чынам рухацца падчас вучобы. Яны могуць, напрыклад, хадзіць і чытаць кніжку або паўтараць услых і пры гэтым рухацца рытмічным крокам, а некаторым неабходная музыка, гукі, каб засвоіць веды. Былі праведзеныя нават дасьледаваньні, якія былі названыя «эфэктам Моцарта». Аказалася, што людзі, якія падчас вучобы слухалі творы Моцарта, лепш памяталі матэрыял. Але, на жаль, такая ж музыка, як падчас вучобы, павінна гучаць таксама на экзамене. Магчыма, некаторыя могуць толькі напяваць дадзены матыў, і ім гэтага хопіць.

Іспыты на атэстат сталасьці – гэта практычна першы вельмі сур’ёзны экзамен у жыцьці маладога чалавека. Кожнаму хацелася б здаць яго як мага лепш, вельмі пужае магчымасьць праваліцца, не здаць іспыт. Тым больш, што ў Польшчы ад вынікаў экзаменаў залежыць, у якое ВНУ можна паступіць вучыцца. Таму зразумела, што гэтае выпрабаваньне выклікае вялізны стрэс, як у самога вучня, так і ягоных бацькоў, і гэта абсалютна нармальна, – адзначае псыхоляг Маніка Дрэгэр.

М. Дрэгэр: Гэта важная падзея ў жыцьці дзіцяці, сям’і. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што бацькі перажываюць іспыты. Найгорш тады, калі яны ня могуць стрымаць свае эмоцыі, і гэта стрэс перадаецца таксама дзецям, маладым людзям. Бацькі вязуць такога выпускніка ў школу, яшчэ па дарозе даюць яму розныя парады, як добра здаць, кажуць, як яны жахліва перажываюць, і пры гэтым адзначаюць: «Але ты не хвалюйся». І, канешне, гэтае хваляваньне перадаецца іншым. А пазьней стаяць каля школы. Чакаюць, і хвалююцца разам з іншымі бацькамі.

Дзіўна было б, калі б бацькі, асабліва мамы, якія ахвотней паказваюць свае эмоцыі, зусім не хваляваліся, калі іх дзіця здае важны іспыт. Немагчыма зусім не перажываць, але стрэс, які перасякае пэўную мяжу, становіцца шкодным. Што павінны ў такой сытуацыі зрабіць бацькі?

М. Дрэгэр: Яны павінны дазволіць сабе перажываць, нармальна ўспрымаць тое, што яны хвалююцца, гэта абсалютна заканамерны працэс. Аднак нельга перадаваць свой стрэс дзіцяці, якое здае экзамен, паколькі яно і так хвалюецца. Неабходна навучыцца кантраляваць свой узровень стрэсу, эмоцый. Дзеці рыхтуюцца да іспытаў, доўга вучацца, трэба ім давяраць, што гэта ўжо дарослыя, адказныя людзі. Ёсьць таксама шмат адпаведных трэніровак, якія дапамагаюць кантраляваць узровень стрэсу. Узоры такіх практыкаваньняў можна знайсьці ў інтэрнэце. Так што можна пастарацца справіцца са стрэсам.

Пераконвае нас псыхоляг Маніка Дрэгэр. А я жадаю вам, дарагія слухачы, каб заўсёды вы кіравалі сваімі эмоцыямі, а не яны вамі. Ну і, канешне, адных добрых адзнак на іспытах, калі такія выпрабаваньні вас чакаюць у жыцьці.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт