Экалягічная арганізацыя Greenpeace ладзіць лясныя патрулі ў Белавескай пушчы на польскім баку. Мэтай патрулёў зьяўляецца кантроль некалькіх дзясяткаў каштоўных прыродных участкаў, якія ахопленыя аховаю UNESCO. Эколягі кажуць, што патруляваньне пушчы выклікана там, што яшчэ ніколі гэты прыродны аб’ект ня быў пад такой моцнай пагрозай зьнішчэньня.
Актывісты Greenpeace патрулююць месцы, у якіх вядзецца лясная гаспадарка з моманту ўпісаньня цэлай Белавескай пушчы ў Сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Катажына Ягела з Greenpeace тлумачыць, што лясныя патрулі паявіліся ў сувязі з сур’ёзнай небясьпекай, якая пагражае Белавескай пушчы. Такой сытуацыі не было доўгія гады, адзначае экалягічная актывістка. Гаворка ідзе пра плянаванае павелічэньне вырубкі дрэваў на тэрыторыі пушчы.
К. Ягела: Трэба памятаць, што ўся Белавеская пушча на польскай тэрыторыі ахоплена аховаю UNESCO і ўнесена ў Сьпіс сусьветнай спадчыны гэтай арганізацыі. У сувязі з гэтым Greenpeace вырашыў пракантраляваць месцы, дзе праводзілася вырубка дрэваў, але па-за тэрыторыяй запаведніка й нацыянальнага парку. Гэта ўчасткі, дзе вырубка працягвалася апошнія два гады, бо менавіта два гады таму пушча была ўнесена ў сьпіс UNESCO. Таксама патрулюецца ўчастак, які ў новых плянах прызначаны пад вырубку на тэрыторыі лясьніцтва «Белавежа».
У выніку патруляваньня будзе створана база дрэвастояў і аэралаў. Сабраныя матэрыялы будуць прааналізаваныя, пасьля чаго будзе створаны рапарт з камэнтарамі й рэкамэндацыямі. Рапарт будзе перададзены міністру навакольнага асяродзьдзя Яну Шышцы й прэм’ер-міністру Бэаце Шыдла.
К. Ягела: Мы заклікаем і рэкамэндуем ахапіць усю тэрыторыю Белавескай пушчы выключнай аховай, якую пушча напэўна заслугоўвае. Гаворка аб тым, каб участкі, якія не зьяўляюцца запаведнікам ці нацыянальным паркам, былі выключаныя з закону аб лясах і былі ахопленыя адмысловай аховай.
Эколягі адзначаюць, што лёс Белавескай пушчы знаходзіцца ў руках міністра навакольнага асяродзьдзя. Пакуль невядома, на якім этапе знаходзіцца распараджэньне аб магчымым павелічэньні вырубкі дрэваў у пушчы. Міністар Ян Шышка запэўнівае, што не падпіша ніякіх дакумэнтаў, пакуль не завершыцца інвэнтарызацыя, якую міністар загадаў правесьці ў Белавескай пушчы.
117,5 тысяч чалавек падпісалі зварот да Бэаты Шыдла ў абарону Белавескай пушчы – адзначае Катажына Ягела.
К. Ягела: Мы заклікаем урад Бэаты Шыдла, як мага хутчэй прыняў рашэньні, якія будуць ахоўваць цэлую пушчу й біялягічныя працэсы, якія ў ёй адбываюцца. Мы лічым, што чалавек не павінен умешвацца ў гэтыя працэсы. А Белавеская пушча не павінна быць звычайным гаспадарчым лесам. Гэта выключна каштоўная пушча, адзіны такі лес у Эўропе. Нам нельга гэтага страціць.
Акрамя гэтага ўсё больш міжнародных экспэртаў выказвае сваю занепакоенасьць плянамі павелічэньня вырубкі на тэрыторыі Белавескай пушчы. Гэтым разам ліст да міністра навакольнага асяродзьдзя Польшчы выслала міжнародная арганізацыя Society for Conservation Biology. Арганізацыя аб’ядноўвае экспэртаў, якія займаюцца аховаю прыроды. Агулам больш за 5 тысяч навукоўцаў з цэлага сьвету, экспэртаў у галіне кіраваньня рэсурсамі, выкладчыкаў, дзеячаў і студэнтаў.
Старшыня эўрапейскай сэкцыі SCB П’ер Вісконці ў лісьце выказвае «глыбокую занепакоенасьць апошнімі прапановамі, зьвязанымі са зьменамі спосабу кіраваньня Белавескай пушчай». Ліст заахвочвае польскі ўрад зрабіць усё, каб не ўводзіць ніякія зьмены ў спосаб кіраваньня пушчай.
У дадзены момант пад вырубку прызначана 63,4 тысячы куба мэтраў дрэва цягам дзесяці гадоў. Лесьнікі хочуць павялічыць гэтую колькасьць да 188 тысяч куба мэтраў. Яны тлумачаць гэта неабходнасьцю змаганьня з караедам, які нішчыць хвойныя.
Міжнародная арганізацыя падкрэсьлівае, што Белавеская пушча зьяўляецца аплотам біяразнастайнасьці. У лісьце заўважана, што гэтае месца ўяўляе сабой натуральную лябараторыю, якая дазваляе дасьледаваць жыцьцё лясных экасыстэм.
ав