Зрабіце сабе труну
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
09.02.2016 14:49
Труну можна сабраць за дзьве хвіліны, навічку зборка зойме чатыры хвіліны.
pixabay.com
Першая партыя трун для самастойнай зборкі адпраўлена ўжо з фабрыкі, якая знаходзіцца ў мясцовасьці Вангровец (Wągrowiec) на паўднёвым захадзе Польшчы. Вытворца кажа, што рабіць такія труны яны пачалі па ўзору мэблі з канцэрну Ikea. Артыкул у выданьні «Gazeta Wyborcza».
Уладальнік фірмы Зьбігнеў Лінднэр пачаў свой бізнэс 25 гадоў таму, рабіў драўляныя панэлі і элемэнты для Ikea. Пазьней пачаў рабіць труны. Цяпер у яго фабрыцы вырабляецца 15 тыс. трун у месяц. Вытворчасьць адбываецца па прынцыпу канвэера, як аўтамабільная зборка.
У асартымэнце фірмы – некалькі соцень узораў трун. Ёсьць, напрыклад, труна для журналіста з выявай пяра і лістка паперы на накрыўцы. Альбо нешта з маскай для актора, матацыкл для аматара хуткасьці, ёсьць таксама два куфлі піва, па якіх цячэ пенка. Такія труны часьцей за ўсё заказваюць чэхі.
Ідэя зрабіць труну для самастойнай зборкі прыйшла ў галаву аднаму з супрацоўнікаў фірмы. Натхненьнем стала ўсеагульная неабходнасьць усё рабіць хутка. Труну можна сабраць за дзьве хвіліны, навічку зборка зойме чатыры хвіліны. Першы груз такіх трун паехаў да заказчыка ў сьнежні мінулага году, усе скрыні пайшлі за мяжу. Пакуль што індывідуальныя кліенты ня могуць заказваць трун, толькі гуртоўні, як правіла гэта крэматорыі.
«Ці вы баіцеся сьмерці?», – пытаецца аўтар артыкула Зьбігнева Лінднэра, уладальніка фірмы. «Кожны калісьці памрэ. Навошта баяцца чагосьці, чаго нельга пазьбегнуць», – адказвае той.
Gazeta Wyborcza/нг