Вакцына супраць ВІЧ узьнікне цягам некалькіх бліжэйшых гадоў, лічыць доктар Гражына Халевіньска з Ваяводзкага інфэкцыйнага шпіталя ў Варшаве.
Нагадаем, вірус ВІЧ парушае імунную сыстэму хворага, які патрабуе пажыцьцёвага лячэньня. У Эўропе працягваецца Эўрапейскі тыдзень тэставаньня на ВІЧ.
Доктар Халевіньска падкрэсьлівае, што праца над вакцынай працягваецца ўжо доўгі час і знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
Гражына Халевіньска: Ёсьць ужо першыя вынікі дасьледаваньняў, праведзеных на людзях. Добраахвотнікі былі прышчэпленыя ўжо многія гады таму, але вядома, што вынікі ня будуць бачныя неадкладна. Так адбываецца ў выпадку кожнай вакцыны. Неабходныя некалькі гадоў назіраньня, каб пабачыць ці добраахвотнік, які жыве нармальна ў дадзеным геаграфічным рэгіёне сьвету й мае сэксуальныя кантакты, не заразіўся.
Доктар Халевіньска тлумачыць, што гаворка ідзе пра аддзяленьне бялка абалонкі віруса й зьмяшчэньне яго ў вакцыне.
Гражына Халевіньска: Асноўная тэхнічная праблема - гэта зьмяшчэньне ў вакцыне бялка віруса. Дзеля гэтага неабходны пасярэднік, напрыклад, іншы вірус або бактэрыя, на якіх, як на каня, можна пасадзіць бялкі й перанесьці ў прэпарат, то бок вакцыну.
У Польшчы расьце колькасьць людзей зь ВІЧ. Паводле розных крыніцаў, гаворка ідзе пра 20-30 тысяч заражаных.
Тым часам аказваецца, што тэст на ВІЧ рабіў толькі кожны дзясяты паляк.
Доктар Магдалена Расіньска з Нацыянальнага інстытута аховы грамадзкага здароўя Нацыянальнага інстытута гігіены прызнае, што гэта сапраўды мала.
Магдалена Расіньска: Гэта вельмі мала, тым больш, што пад увагу бярэцца толькі аднаразовы тэст на магчымую прысутнасьць віруса. Тым часам неаднойчы гэткі тэст трэба паўтарыць, напрыклад, калі дайшло да нейкай рызыкоўнай сэксуальнай сытуацыі. Таму беручы пад увагу факт, што тэст зрабіў адзін паляк на дзесяць – гэта вельмі мала.
Прафэсар Анджэй Горбан - нацыянальны кансультант у галіне інфэкцыйных захворваньняў падкрэсьлівае, што 80% ВІЧ-інфэкаваных складаюць мужчыны.
Анджэй Горбан: Колькасьць інфэкцыяў расьце ў асноўным у дзьвюх групах. Першая група, гэта мужчыны гомасэксуалы. Другая – гэта гетэрасэксуалы, асабліва ва ўзросьце 40-50 гадоў. Асобы з гэтай групы перакананыя, што рызыка заражэньня ВІЧ іх ужо не датычыць і таму яны не карыстаюцца сродкамі па забесьпячэньні.
Па ўсім сьвеце заражаныя каля 35 мільёнаў чалавек. Экспэрты нагадваюць, што ад віруса ВІЧ абараняе прэзэрватыў, а таксама пазьбяганьне рызыкоўных сэксуальных паводзінаў.
аз