Палякі дэманструюць дзе хучуць і калі хочуць
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.09.2015 14:43
Бацькі, якія змагаюцца за роўныя правы з былымі жонкамі на выхаваньне дзяцей, перакрылі цэнтар Варшавы.
Таварыства «Адважны тата» (Dzielny tata) заблякавала 1 верасьня частку Варшавы – чытаем у выданьні Gazeta Wyborcza. Бацькі змагаюцца за роўныя правы з былымі жонкамі на выхаваньне дзяцей. «Няма правоў бацькаў. Няма руху ў горадзе» – пад такім дэвізам каля 20 татаў прайшло па праезнай частцы ў цэнтры сталіцы, выклікаючы агромныя коркі а 8 раніцы. Многія людзі спазьніліся на працу, а некаторыя нават не пасьпелі на ўрачыстасьць першага званка ў школах сваіх дзяцей.
Інтэрнэт-карыстальнікі абураліся – «скандал, хто дазволіў такі пратэст?!». Аднак у гэтым выпадку гарадзкія ўлады бясьсільныя. Законы дазваляюць кожнаму дэманстраваць калі хоча і дзе хоча. У гарадзкой ратушы ўсё яшчэ памятаюць пра маніфэстацыю таварыства «Свабодныя каноплі». Прыхільнікі легалізацыі марыхуаны плянавалі зладзіць пікеты на ўсіх варшаўскіх мастах, у сярэдзіне дня. Мэр горада Ганна Гранкевіч-Вальц вырашыла забараніць маніфэстацыю. «Свабодныя каноплі» падалі ў суд і выйгралі працэс. Таму цяпер ратуша бяз слова супраціву выдае згоду на ўсе пікеты, калі яны не перашкаджаюць у правядзеньні іншых пратэстаў. Да гэтае пары ўдавалася дамовіцца з арганізатарамі дэманстрацый, калі месца пратэсту было праблемным. Відаць, цяпер перамоваў не было або яны не прынесьлі вынікаў.
Роўнасьць полаў вельмі важная – піша аўтар артыкулу. І калі сапраўды суды дыскрымінуюць мужчын, вырашаючы, каму аддаць дзіця пасьля разводу, то бацькам ёсьць за што змагацца. Але, каб барацьба была ўдачнай, патрэбныя паплечнікі. Блякуючы масты, бацькі такіх паплечнікаў не здабудуць.
Gazeta Wyborcza/нг