Logo Polskiego Radia
Print

Урад аб’явіў вайну атлусьценьню

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.08.2015 13:14
Поўныя атрымаюць дапамогу тэрапэўтаў, прадукты харчаваньня – новыя этыкеткі.

Rzeczpospolita: У Польшчы лішнюю вагу цела маюць 61% мужчын і 42% жанчын, агулам 17% палякаў. За гады 1991-2005 гэтая лічба вырасла ўдвая. Прагнозы кажуць пра далейшы рост тоўстых людзей. Таму польскае Міністэрства здароўя хоча, каб да 2020 году лічба палякаў, якія маюць лішнюю вагу, перастала расьці. Такую мэту ставіць перад сабой Нацыянальная праграма здароўя, якая трапіла ў Сэйм.

У пахудзеньні палякам найперш будзе дапамагаць папулярызацыя здаровага ладу жыцьця. Урад хоча, каб узьніклі групы падтрымкі для тоўстых. Будуць створаны нават тэрапэўтычныя групы для сямей, дзе праблема лішняй вагі закранае больш, чым аднога чальца сям’і. Спэцыялісты будуць даваць ім дыетычныя й псыхалягічныя парады.

Таксама ўрад плянуе ўдарыць па вытворцам прадуктаў харчаваньня. У праграме запісана «абмежаваньне даступнасьці прадуктаў не рэкамэндаваных для празьмернага ўжываньня». Больш канкрэтна ў праграме прапісаныя зьмены ў пазначэньні прадуктаў. Урад хоча ўвесьці сыстэму, падобную да брытанскай. Там этыкеткі маюць колер светлафора. Напрыклад, калі прадукт утрымлівае шмат тлушчу, то інфармацыя будзе на чырвонай этыкетцы. Жоўты й зялёны колер выкарыстоўваюцца ў выпадку, калі прадукты менш шкодныя.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт