Ці выбаршчыкам гэта спадабаецца?
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        11.06.2015 15:14
                    
                                 
                
                
                    За чатыры месяцы да парлямэнцкіх выбараў ва ўрадзе праходзяць радыкальныя зьмены.
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                          Учора прэм’ер-міністар Эва Копач паведаміла пра адстаўку трох міністраў, трох віцэ-міністраў, трох дарадчыкаў прэм’ера й сьпікера польскага Сэйму. Ці настолькі радыкальныя зьмены дапамогуць кіроўнай „Грамадзянскай плятформе” затрымаць рэзкае падзеньне папулярнасьці й перамагчы на восеньскіх парлямэнцкіх выбарах? – задумоўваецца „Gazeta Wyborcza”.
„Я ня ведаю прычынаў усіх адставак. Аднак шмат сьведчыць пра тое, што ключавой зьяўляецца афэра з падслухоўваньнем размоваў палітыкаў”, - кажа палітоляг прафэсар Радаслаў Маркоўскі з Вышэйшай школы грамадзкай псыхалёгіі.
Ён нагадвае, што да парлямэнцкіх выбараў засталося яшчэ больш за чатыры месяцы. „Калі прэм’ер Копач на чатыры месяцы, да выбараў створыць верагодны ўрад, здольны да пасьпяховага й якаснага кіраваньня краінай, то хто ведае – можа аказацца, што гэта быў станоўчы крок”, - канстатуе палітоляг.
Ці тое, што падчас учарашняга выступленьня кіраўнічка польскага ўраду папрасіла ў палякаў прабачэньня за афэру з падслухоўваньнем,  дапаможа „Грамадзянскай плятформе” вярнуць страчаны давер выбаршчыкаў?
„Не вядома. Адны ўспрымуць гэта як прызнаньне ўсіх вінаў, у якіх апазыцыя абвінавачвае „Грамадзянскую плятформу”. Другія згодзяцца, што „лепш позна, чым ніколі””, - кажа прафэсар Радаслаў Маркоўскі ў размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”.
аз