11 узнагарод ЧЭ-2015 у беларускіх байдарачнікаў
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
05.05.2015 10:24
Беларускія байдарачнікі і канаісты заваявалі 11 узнагарод на ЧЭ-2015 у Чэхіі і сталі 3-мі сярод каманд.
Пасьпяховым быў выступ спартоўцаў нацыянальнай каманды Беларусі па веславаньні на байдарках і каноэ на першым у сэзоне старце топ-узроўню, якім стаў чэмпіянат Эўропы ў чэскім Рачыцы. У розных клясах чаўноў і дысцыплінах яны заваявалі 11 узнагарод (4 залатыя, 3 срэбныя, 4 бронзавыя) і занялі 3-е месца ў агульнакамандным заліку.
У першы дзень фінальных заездаў беларусы тройчы ўзьдымаліся на п'едэстал гонару: два разы на вышэйшую прыступку і аднойчы - на другую. Званьне чэмпіёнаў кантынэнту заваяваў экіпаж жаночай каноэ-двойкі ў складзе Камілы Бобр і Дарыны Касьцючэнкі на дыстанцыі 500 м, а таксама экіпаж жаночай байдаркі-чацьвёркі (Маргарыта Махнёва, Аляксандра Грышына, Вольга Худзенка, Марына Літвінчук) таксама на дыстанцыі 500 м. Срэбра дасталося беларускаму дуэту байдарачнікаў Віталь Бялько/Раман Петрушэнка на дыстанцыі 1000 м.
Другі дзень фіналаў быў яшчэ больш пасьпяховым для беларускіх весьляроў. Двойчы яны першынявалі ў мэдальных заездах, двойчы станавіліся віцэ-чэмпіёнамі і чатыры разы замыкалі тройкі самых моцных. Так, Маргарыта Махнёва і Марына Літвінчук паказалі першы час сярод байдарак-двоек (К2) на спрынтарскай дыстанцыі 200 м - 38,480 сэк. Пазьней Марына Літвінчук перамагла на маратонскай дыстанцыі 5000 м у байдарцы-адзіночцы (К1) з вынікам 22 хв 19,250 сэк.
Срэбнымі прызёрамі чэмпіянату сталі канаісты. Арцём Козыр у каноэ-адзіночцы на дыстанцыі 200 м фінішаваў з часам 40,416 сэк (+0,120 сэк). Дзьмітры Рабчанка і Аляксандар Валчэцкі ў каноэ-двойцы на дыстанцыі 200 м саступілі чэмпіёнам 1,152 сэк (час - 37,980 сэк).
Бронзавымі прызёрамі кантынэнтальнай рэгаты сталі мужчынская каноэ-двойка (С2) на 500 м (Глеб Саладуха/Дзяніс Махлай; +2,364 сэк), мужчынская байдарка-двойка (К2) на 500 м (Віталь Бялько/Раман Петрушэнка; +1,408 сэк), Максім Пятроў у каноэ-адзіночцы (С1) на 5000 м (+21,220 сэк) і Алег Юрэня на аналягічнай дыстанцыі ў байдарцы-адзіночцы (К1; +19,910 сэк).
Па 11 узнагарод рознай вартасьці на чэмпіянаце Эўропы заваявалі прадстаўнікі Беларусі, Нямеччыны і Расеі. Нямецкія весьляры ў заліку па якасьці ўзнагарод апярэдзілі ўсіх: на іх рахунку 7 залатых, 3 срэбныя, 1 бронзавая. Расейцы сталі другімі - (4, 4, 3).
эб/БЕЛТА