Бэнэдыктынскае абацтва ў гарадку Тынец ля Кракава прадпрымае крокі для таго, каб комплекс манастырскіх будынкаў атрымаў статус гістарычнага помніка. Гэта вышэйшая форма аховы помнікаў у Польшчы, якая прызнаецца за выключную гістарычную, навуковую й мастацкую каштоўнасьць.
Аб’ект са статусам помніка гісторыі мае асаблівае значэньне для польскай культурнай спадчыны.
Гэты тытул надаецца прэзыдэнтам Польшчы, нагадае брат Міхал Граноўскі - куратар музея ў горадзе Тынец.
Міхал Граноўскі: Падрыхтоўка заявы працягвалася вельмі доўга, таму што гэта складаная працэдура. Між іншым, трэба падрабязна апісаць сам помнік, яго гістірыю, даказаць яго сапраўднасьць й гістарычную каштоўнасьць. Трэба прадставіць дакумэнтацыю, зьвязаную з рэстаўрацыяй, будаўніцтвам, уплывам будынку на навакольнае асяродзьдзе. Каначаткова пра наданьне статусу вырашае сам прэзыдэнт РП.
Гэта прэстыжны тытул, таму ўсялякія намаганьні аплочваюцца, зазначае рэстаўратар Марцін Ціба.
Марцін Ціба: Варта рабіць высілкі ў гэтым напрамку, і асабліва, калі гаворка ідзе пра такі аб’ект як Тынец. Перш за ўсё ў сувязі зь ягонай гістарычнай касьцтоўнасьцю – амаль тысячагадовай гісторыяй. Але таксама ў сувязі з намаганьнямі многіх людзей, якія вярнулі славу гэтага месца пасьля сур’ёзных зьнішчэньняў.
Да гэтай пары тытул помніка гісторыі ў Малапольскім рэгіёне атрымалі: Кракаў - гістарычны горад, Саляныя шахты ў Вялічцы й Бохні, а таксама месца рэлігійнага культу Кальварыя Зэбжыдоўская.
аз
Пачынаецца Калядная акцыя дапамогі дзецям
Акцыю можна падтрымаць, купляючы сьвечку на калядны стол.
„Дзіця - сэрца сям'і” – гэта дэвіз сёлетняй Каляднай акцыі дапамогі дзецям, якую кожны год арганізоўвае каталіцкая дабрачынная арганізацыя „Caritas”.
У ейных рамках у парафіях прадаюць сьвечкі, якія падчас каляднай вячэры будуць пастаўлены на сьвяточныя сталы. Даходы зь іх продажу прызначаюцца на падтрымку дзяцей з малазабясьпечаных і шматдзетных сямей, а таксама выхавальнікаў дзіцячых дамоў.
Напрыклад, аддзел „Caritas” з Жэшава дзякуючы атрыманым сродкам плянуе арганізаваць зімовы й летні адпачынак для дзяцей, фінансаваць дыдактычныя дапаможнікі й рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў. Аддзел арганізацыі ў Жэшаве падрыхтаваў у гэтым годзе
амаль 60 тысячаў сьвечкаў.
У мінулым годзе даходы з продажу сьвечак у рамках Каляднай акцыі дапамогі дзецям у Жэшаўскай дыяцэзіі склалі каля 200 тыс. злотых (каля 50 тыс. эўра).
аз
Бэтлеемскае полымя міру трапіць у Польшчу 13 сьнежня
Польскія гарцэры раздадуць Сьвятое полымя па ўсёй краіне.
Сёлета Бэтлеемскае полымя міру (Сьвет сьвятла з Бэтлеема) трапіць у Польшчу якраз у гадавіну ўвядзеньня ваеннага становішча ў ПНР, то бок 13 сьнежня.
Польскім гарцэрам Сьвяты агонь перададуць славацкія скаўты. У сваю чаргу маладыя палякі распаўсюдзяць яго па ўсёй краіне, а таксама перарадуць сваім калегам зь Беларусі, Летувы, Украіны й Расеі.
Бэтлеемскае полымя міру - гэта сымбаль прымірэньня. Штогод аўстрыйскія скаўты прывозяць сьвяты агонь з Бэтлеема ў венскую катэдру. Са сталіцы Аўстрыі агеньчык вандруе праз суседнія краіны па ўсёй Эўропе.
Сёлета полымя будзе дастаўленае ў Вену 13 сьнежня. У гэты ж дзень яно прыбудзе таксама ў Польшчу.
Дэвіз сёлетняй акцыі - „Мір ёсьць унутры нас”.
Гэты заклік цяпер асабліва актуальны, лічыць Моніка Кубацка са Зьвязу польскага гарцэрства (ZHP).
Моніка Кубацка: Нагадаю, што Бэтлеемскае полымя міру - гэта эстафета, актуальная ў сувязі з палітычнай сытуацыяй у паасобных краінах-удзельніках акцыі. Таму мір настолькі важны, і мы хочам ім сёлета падзяліцца. Мы хочам таксама зьвярнуць увагу на тое, што сёньня мір у сьвеце –гэта надзвычай надзённая праблема.
Польскія гарцэры хочуць, каб па магчымаасьці полымя трапіла ў кожны польскі дом і ў кожную сям'ю.
аз
Нарачанцы адзначаць 25-годзьдзе служэньня кармэлітаў босых
25 год таму ў Нарач прыехаў першы кармэліт з Польшчы.
14 сьнежня ў 10.30 у касьцёле ў Нарачы будзе служыцца Сьвятая Імша-падзяка за 25 гадоў служэньня айцоў-кармэлітаў у нарачанскай парафіі.
14 сьнежня 1989 году, роўна 25 год таму, у Нарач прыехаў першы кармэліт з Польшчы а. Аўгустын Квяткоўскі OCD і ў гэты дзень ён цэлебраваў Сьвятую Імшу ў нарачанскім касьцёле. Да гэтага часу парафія ня мела сьвятара й толькі па нядзелях і сьвятах у Нарач даязджаў кс. Люцыян Паўлік з Задарожжа.
З прыездам айцоў-кармэлітаў пачалася новая старонка ў жыцьці нарачанскай парафіі, і 14 сьнежня вернікі зьбяруцца на супольную малітву праслаўленьня й падзякі за адраджэньне веры й духоўнасьці ня толькі ў Нарачы, але й ва ўсёй Беларусі.
Нарачанская моладзь таксама не застаецца ў баку ад гэтай падзеі й рыхтуецца да правядзеньня акцыі „Паштоўка падзякі”, падчас якой маладыя нарачанцы пашлюць віншавальную паштоўку-падзяку кожнаму айцу-кармэліту, які калісьці працаваў у Нарачы.
Для моладзі правядзеньне гэтай акцыі дасьць цудоўную магчымасць пазнаёміцца зь гісторыяй сваёй роднай парафіі.
naracz.na.by/аз