Logo Polskiego Radia
Print

Палякі часьцей разводзяцца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.10.2014 12:54
Ёсьць у гэтым і аптымістычны элемэнт - людзі адчуваюць сябе бясьпечней. Каб пражыць, не патрэбная ўжо другая асоба.

/

Усё больш палякаў разводзіцца. З 1990 году ў два разы вырасла прапорцыя разводаў да новых шлюбаў – з 16 да 31 працэнта. Але на фоне ЭЗ гэта і так нядрэнны вынік – у Польшчы адносіны разводаў да шлюбаў амаль у два разы меншыя, чым у сярэднім па Эўропе – чытаем у выданьні Gazeta Wyborcza.

А прычыны разводаў не зьмяняюцца – гэта папулярнае “не сышліся характарам”, а таксама здрады і алькагалізм. Але паявіліся таксама новыя. Па-першае, доўгая адсутнасьць дома (напрыклад, у выніку эміграцыі), па-другое, розьніцы ў поглядах на фундамэнтальныя пытаньні.

Расьце колькасьць разводаў па прычыне здрады. Праўда, не абавязкова расьце сама колькасьць здрадаў, проста яе лягчэй адкрыць. Доказы сужонкі знаходзяць у інтэрнэт-карэспандэнцыі мужа або жонкі, на Фэйсбуку, дзе паяўляюцца кампраметуючыя здымкі. Таксама магчымасьць гука- і відэазапісу аблягчае пошук доказаў віны. Усё часьцей здраджваюць жанчыны. Раней гэта былі пераважна мужчыны.

Людзі ўсё радзей падыходзяць да сужонства як да саюза на заўсёды. Калі паяўляецца крызыс, рэдка муж і жонка стараюцца ратаваць саюз. А магчымасьцяў даволі многа – ёсьць адмысловыя тэрапіі, дапамога пасярэдніка-мэдыятара. Разводзяцца як вельмі маладыя людзі, якія пажаніліся па каханьні, але празь некалькі месяцаў каханьне заканчваецца, так і старэйшыя. Часта пасьля таго, як з дому выйшлі дзеці, калі аказваецца, што муж і жонка даўно ўжо чужыя адзін аднаму.

На рост колькасьці разводаў можна таксама зірнуць аптымістычна. Ён сьведчыць аб тым, што палякі адчуваюць сябе больш бясьпечна. Для таго, каб пражыць, не патрэбная ўжо другая асоба ў эканамічным ды сацыяльным пляне, - адзначвае псыхоляг Януш Чапіньскі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт