Logo Polskiego Radia
Print

У менскім Доме міласэрнасьці адкрыты доступ да мошчаў сьвяціцеля Лукі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.10.2014 14:00
  • Лука.mp3
Каўчэг з часьцінкай мошчаў быў дастаўлены з Барысава ў мінулую нядзелю.
nn.bynn.by

У менскім Доме міласэрнасьці адкрыты доступ да мошчаў сьвяціцеля Лукі. Каўчэг з часьцінкай мошчаў быў дастаўлены з Барысава ў мінулую нядзелю.

Архіепіскап Лука - урач-хірург і вучоны з сусьветным імем. За сваё жыцьцё (1877—1961) выратаваў велізарную колькасьць безнадзейна хворых.

Атрымаў дыплём з адзнакай, але аддаў перавагу пасадзе „мужыцкага лекара”, а не кар'еры вучонага. Часам, не маючы пад рукой інструмэнтаў, выкарыстоўваў сьцізорык, гусінае пяро, сьлясарныя шчыпцы, а замест нітак - жаночы волас. На многіх абразах, асабліва грэчаскіх, сьвяціцель Лука выяўлены зь хірургічнымі інструмэнтамі ў руках. Ён выступіў аўтарам мноства навуковых прац і 12 тамоў пропаведзяў.

Паводле слоў настаяцеля менскага праваслаўнага прыходу храма-помніка ў гонар Усіх Сьвятых протаіерэя Фёдара Поўнага, „гэтае мерапрыемства не проста магчымасьць паломніцтва да мошчаў”.

„Для нас важна, каб людзі ўбачылі й дакрануліся да разуменьня хрэснага подзвігу й вобразу амаль нашага сучасьніка”, - лічыць протаіерэй.

Доступ вернікаў да мошчаў сьвяціцеля Лукі будзе арганізаваны штодня з 8:00 да 22:00 да 14 кастрычніка ўключна.

БелаПАН/nn.by/аз

Арцыбіскуп Кандрусевіч сустрэўся з Папам рымскім

Гэта адбылося ў рамках паседжаньня ватыканскай дыкастэрыі.

/

2 кастрычніка 2014 году Папа рымскі Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага паседжаньня Папскай рады „Iustitia et pax”, якое прайшло ў Рыме й было прысьвечана пятай гадавіне выданьня энцыклікі Бэнэдыкта XVI „Caritas in veritate”.

Пантыфік нагадаў пра актуальнасьць гэтага „фундамэнтальнага для эвангелізацыі сацыяльнай сфэры” дакумэнта, які дае каштоўныя ўказаньні для прысутнасьці католікаў у грамадзтве, эканоміцы й палітыцы.

Прынцып любові ў праўдзе, на думку Папы, мае „крайнюю актуальнасьць” у нашы дні.

У сустрэчы з Папам Францішкам ўдзельнічаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Менска-Магілёўскі мітрапаліт.

Падчас асабістай сустрэчы ерарх падзякаваў Сьвятому Айцу за яго навучаньне й клопат аб Касьцёле ў Беларусі.

„Я падышоў да Папы й падзякаваў за яго словы, за тое, што сваім навучаньнем ён дае надзею сучаснаму сьвету, асабліва тым, хто знаходзіцца ў бядзе, а таксама за яго клопат аб Касьцёле ў Беларусі. Папа сказаў, што ў сваіх думках ён заўсёды памятае аб Беларусі й моліцца за яе”, - распавёў арцыбіскуп Кандрусевіч.

be.radiovaticana.va/аз

Фотавыстава „Жыцьцё, як катэхізіс”

Беларусы рыхтуюцца да 100-годзьдзя кардынала Казіміра Сьвёнтка.

Фота:
Фота: t-styl.info

Вернікі парафіі сьв. Андрэя ў Нарачы пачынаюць духоўную падрыхтоўку да ўрачыстасьцяў 100-годзьдзя з дня нараджэньня кардынала Казіміра Сьвёнтка, якія будуць адзначацца 21 кастрычніка. Да юбілею ў парафіі арганізавана фотавыстава „Жыцьцё, як катэхізіс”, якая адлюстроўвае самыя важныя моманты з жыцьця кардынала.

Акрамя таго ў бібліятэцы парафіі падрыхтавана выстава кніг і часопісаў „Бачнае - часовае, нябачнае - вечнае”, дзе чытачы могуць знайсьці матэрыялы пра жыцьцё й навучаньне кардынала Казіміра Сьвёнтка.

Каб пазнаёміць маладое пакаленьне з асобай Казіміра Сьвёнтка й яго роляй у адраджэньні Каталіцкага касьцёла на Беларусі, заплянаваны цыкл катэхезаў „Верны Богу й касьцёлу”, а для маладых вернікаў парафіі аб’яўлены конкурс малюнкаў „Наш добры дзядуля”.

Таксама моладзь нарачанскай парафіі рыхтуецца да пілігрымкі ў Пінск на сьвяткаваньне ўрачыстасьці 100-годзьдзя з дня нараджэньня кардынала Казіміра Сьвёнтка, да такой жа пілігрымкі, але ад Чырвонага касьцёла, могуць далучыцца вернікі менскіх парафій.

У сваю чаргу, 30 верасьня Міністэрства сувязі й інфарматызацыі упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі, выпусьціла ў абарачэньне паштоўку з арыгінальнай маркай, прысьвечаныя 100-годзьдзю з дня нараджэньня кардынала. Яе гашэньне заплянаванае на 21 кастрычніка.

На марцы паказаны біскупскі пастарал. На паштоўцы — выява кардынала Казіміра Сьвёнтка, зьмешчаная на фоне касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Пад ёй надпіс - „Шукайце таго, што ў вышынях”.

Мастаком паштоўкі й спэцштэмпеля выступіў Уладзімер Васюк.

Кардынал Казімір Сьвёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сыбір.

Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 года ў тамтэйшай катэдры ён быў высьвечаны на сьвятара й накіраваны на працу ў Пружаны.

У 1941 годзе саветы прыгаварылі маладога сьвятара Казіміра Сьвёнтка да расстрэлу. Ён чакаў яго два месяцы ў Брэсцкай турме. Але пачалася вайна, і прысуд не пасьпелі выканаць.

Аднак у 1944 годзе малады сьвятар зноў быў арыштаваны й асуджаны на 10 гадоў лягераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сыбіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 годзе, ён зноў апынуўся ў Пінску. Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Сьвёнтка адбудавана пінская катэдра.

Папа Ян Павал ІІ у 1991 годзе прызначыў Сьвёнтка яго першым мітрапалітам новастворанай Менска-Магілёўскай мітраполіі й Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Ва ўзросьце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэньне.

У 1994 годзе Ян Павал ІІ надае яму тытул кардынала, то бок найвышэйшую адзнака, якая можа быць у Касьцёле.
Кардунал Сьвёнтэк памёр 21 ліпеня 2011 году ў Пінску. Ён пражыў 96 гадоў. Пахаваньне адбылося 25 ліпеня ў катэдры ў Пінску, там, дзе ён служыў.

naracz.na.by/catholic.by/аз

У Менск прыбыла ікона вялебнага Стыліяна Пафлагонскага

Урачыстая сустрэча іконы адбылася ў Нацыянальным аэрапорце Менска.

У Менск прыбыла ікона вялебнага Стыліяна Пафлагонскага. Вялебны Стыліян Пафлагонскі нарадзіўся ў Андрыянапалі (зараз раён вядомы як Эдырне на паўночным захадзе Турцыі) у багатай сям'і.

У раньнім узросьце стаў пустэльнікам, аднак у адрозьненьне ад большасьці іншых адзінотнікаў, ён выходзіў рабіць дабро людзям, вяртаючыся ў сваю пячору для адпачынку й малітваў. Згодна з паданьнем, сваімі малітвамі ён здабыў боскую ласку Сьвятога Духа й набыў здольнасьць лячыць.

Сьвяты Стыліян лічыцца ахоўнікам дзяцей, паколькі ён прысьвяціў сябе дзецям, якія пакутавалі ня толькі фізычна, але й тым, хто меў патрэбу ў духоўнай навуцы.

На іконах сьвяты выяўлены са спавітым немаўляткам на руках.

Шанаваньне вялебнага Стыліяна Пафлагонскага асабліва моцнае ў цэрквах грэчаскага праваслаўя.

БелаПАН/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт