Выяўленыя выкліканыя алькаголем малекулярныя зьмены ў нэйронах
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
19.06.2014 16:16
Навукоўцы вывучылі пасьмяротны стан мазгоў 20 пацыентаў з дыягназам злоўжываньня алькаголем.
Дасьледнікі з Унівэрсытэту Краіны Баскаў ды Ўнівэрсытэту Нотынгема ўпершыню выявілі структурныя пашкоджаньні нэйронаў, якія на малекулярным узроўні ў мазгаx выклікае хранічнае злоўжываньне алькаголем. Каманда дасьледавала нэрвовыя клеткі прэфрантальнай кары, якая кантралюе выканаўчыя функцыі, такія як плянаваньне і падрыхтоўка стратэгіі дзеяньняў.
Аўтары артыкулу са старонак ONE PLoS падкрэсьліваюць, што атрыманыя вынікі могуць быць выкарыстаныя дзеля распрацоўкі мэтадаў лячэньня і прэпаратаў, якія паляпшаюць якасьць жыцьця хворых на алькагалізм ды вядуць да зьніжэньня сьмяротнасьці ў гэтай групе людзей.
Навукоўцы вывучылі пасьмяротны стан мазгоў 20 пацыентаў з дыягназам злоўжываньня алькаголем. Іх параўналі з мазгамі 20 здаровых людзей з кантрольнай групы. Пры разглядзе прэфрантальнай кары алькаголікаў былі заўважаныя зьмены ў цыташкілеце. Гэта датычыць альфа- і бэта-тубуліну, а таксама альфа-спэктрыну ІІ. Такія зьмены могуць адмоўна ўплываць на арганізацыю, здольнасьць ствараць новыя злучэньні і агульнае функцыянаваньне нэйронавых сетак.
Навукоўцы хочуць цяпер вызначыць, якія зьмены праходзяць у фэрмэнтаx, якія рэгулююць вышэйзгаданыя бялкі. Яны зьбіраюцца таксама праверыць, як тыя ж працэсы, што і ў прэфрантальнай кары, адбываюцца ў іншых частках мозгу, якія, для прыкладу, кантралююць рухальныя функцыі чалавека.
Падчас працы на ўзорах мазгавых тканак навукоўцы выкарысталі 4 розныя мэтады аналізу. Аптычная мікраскапія паказала, што ў алькаголікаў адбываюцца зьмены ў нэйронаx прэфрантальнай кары. Праведзеная пасьля пратэёміка дазволіла вызначыць, якіx тыпаў бялкоў датычыць мадыфікацыя. З вэстэрн-блотынгу дасьледнікі выявілі, што этанол прывёў да зьмяншэньня колькасьці бялкоў. Кульмінацыяй экспэрымэнту стала мас-спэктрамэтрыя — дзякуючы ёй навукоўцы ўбачылі, якія бялкі парушаныя.
эб