Logo Polskiego Radia
Print

Варшавяне маліліся аб бэатыфікацыі Прымаса тысячагодзьдзя

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.06.2014 15:00
  • Стэфан Вышыньскі.mp3
На гэтым тыдні польскія каталікі адзначалі 33-ю гадавіну сьмерці прымаса Стэфана Вышыньскага.

/

На мінаючым тыдні палякі адзначалі 33-ю гадавіну сьмерці прымаса Стэфана Вышыньскага. Увечары 28 траўня ў шчыльна запоўненай архікатэдры жыхары Варшавы маліліся аб бэатыфікацыі Прымасa тысячагодзьдзя. Для палякаў Стэфан Вышыньскі зьяўляецца сымбалем барацьбы з камуністамі.

Перш за ўсё гэта быў „чалавек надзеі”, - сказаў падчас набажэнства ксёндз Станіслаў Кур.

Станіслаў Кур: У часы ганеньня касьцёла не было лёгка быць чалавекам надзеі. Але прымас быў такім чалавекам менавіта ў гэты цяжкі пэрыяд. Ён дапамагаў іншым захоўваць надзею. Сваім словам і дзеяньнем пераконваў усіх, што надзея ня можа закончыцца паразай.

У 33-ю гадавіну сьмерці прымаса Вышыньскага ў Доме архібіскупаў у Варшаве гісторыкі, журналісты й сьвятары абмяркоўвалі яго спадчыну.

„Без кардынала Стэфана Вышыньскага сёньня Польшча не была б свабоднай”, - пераконваў Варшаўскі мітрапаліт кардынал Казімеж Ныч.

Казімеж Ныч: Ён паміраў у часы, калі нельга было прадбачыць будучыні. Хоць інтуіцыя падказвала яму, што можа быць вельмі дрэнна. Ён стараўся ліквідаваць тагачасныя напружаньні, за што пазьней падвяргаўся крытыцы. Цяпер, 25 гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці, варта задумацца пра тое, колькі ад часу сьмерці Вышыньскага здарылася ў Польшчы. Бог мае свае пляны. Мае таксама сваіх людзей, якія гэтыя пляны рэалізуюць. Вышыньскі быў менавіта такім чалавекам.

Навучаньне прымаса абсалютна ня страціла сваёй актуальнасьці, дадае ўдзельніца дыскусіі, каталіцкая журналіста Эва Чачкоўска.

Эва Чачкоўска: Навучаньне прымаса Вышыньскага ў многіх аспэктах надалей актуальнае. Справа толькі ў тым, каб разумець яго паводле сёньняшніх грамадзкіх і палітычных умоваў. Перш за ўсё, варта зьвярнуць увагу на грамадзкі аспэкт навукі прымаса Вышыньскага, то бок, датычны этыкі працы й наогул працы ў жыцьці чалавека ці адносінаў паміж працадаўцамі і працаўнікамі. Трэба згадаць таксама пра навучаньне, датычнае радзімы, то бок, нашых абавязкаў у дачыненьні да Айчыны, але таксама ў дачыненьні да астатніх грамадзянаў.

Кардынал Стэфан Вышыньскі, выдатны дзяржаўны дзеяч, памёр 28 траўня 1981 году. Ён быў бясспрэчным аўтарытэтам, які ўзначальваў Каталіцкі касьцёл у Польшчы больш за 30 гадоў.

Кардынал Вышыньскі быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам Белага Арла – найвышэйшай дзяржаўнай адзнакай.

У пэрыяд камуністычных рэпрэсіяў і ганеньня Kасьцёла прымас Вышыньскі накіраваў да тагачасных уладаў заклік, у якім пераконваў, што перад абліччам крыўдаў, ад якіх пакутуе Kасьцёл у Польшчы, далейшыя саступкі зь яго боку немагчымыя. Неўзабаве пасьля гэтага, у верасьні 1953 году ён быў арыштаваны й зьняволены. Падчас трох гадоў ізаляцыі ён распрацаваў праграму абнаўленьня рэлігійнага жыцьця ў Польшчы, заключаную ў „Яснагурскіх шлюбах народу”.

Па ініцыятыве прымаса ў 1966 годзе ў Польшчы прайшлі ўрачыстасьці, зьвязаныя са сьвяткаваньнем Тысячагодзьдзя хрышчэньня Польшчы. Кардынал Вышыньскі казаў тады пра ролю Kасьцёла.

кардынал Стэфан Вышыньскі: Дарагія дзеці, Kасьцёл паказвае нам, што асновай кожнага ўпарадкаванага жыцьця павінна быць пашана чалавека й зразуменьне ягонай годнасьці. Гэта таксама ўсьведамленьне, што чалавек - гэта асоба, а ня рэч, не машына. Чалавек - гэта Божае дзіця, якое мае свае правы.

У 60-х гадох прымас Польшчы ўдзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы. Па яго просьбе, 21-га лістапада 1964 году Папа рымскі абвясьціў, што Марыя зьяўляецца Маці Касьцёла.

Па яго ініцыятыве, Эпіскапат Польшчы ў 1965 годзе апублікаваў зварот да нямецкіх біскупаў, які ўтрымліваў прабачэньне й просьбу аб прымірэньні паміж дзьвюмя краінамі. Заклік жорстка раскрытыкавалі камуністычныя ўлады. Першы сакратар Уладзіслаў Гамулка рэзка напаў на прымаса.

Уладзіслаў Гамулка: Гэты неадказны пастыр, які змагаецца з нашай народнай дзяржавай і абвяшчае, што ня будзе саступаць перад інтарэсам дзяржавы, вышэй цэніць сваё духоўнае кіраўніцтва польскім народам, чым незалежнасьць Польшчы. Якое ж вялікае асьляпленьне гэтага кіраўніка Эпіскапату Польшчы ды яго паплечнікаў.

У гады 1957-1965 прымас вёў Вялікую навэнну да юбілею Тысячагодзьдзя хрышчэньня Польшчы ў выглядзе нацыянальных рэкалекцыяў.

У 1978 годзе, калі Караль Вайтыла быў абраны Папам рымскім і прыняў імя Ян Павел ІІ, кардынал Стэфан Вышыньскі казаў, што гэта пачатак новага этапу ў гісторыі паўсюднага Касьцёла й шанец для Касьцёла ў Польшчы.

У гадох 1980-1981, кардынал Стэфан Вышыньскі быў пасярэднікам у перамовах паміж камуністычнымі ўладамі й прафсаюзам „Салідарнасьць”. Перад заканчэньнем страйку на Ўзбярэжжы, 28 жніўня 1980 году, ён выступіў са сваім апошнім заклікам да народу ў санктуарыі Маці Божай на Яснай Гары ў Чэнстахове.

кардынал Стэфан Вышыньскі: Пэрыяд, які мы цяпер перажываем, можна сказаць, паварушыў зямлю. Гэты рух быў суцэльны. Чалавек - гэта грамадзкая індывідуальнасьць. Ён мае натуральную схільнасьць жыць у супольнасьці, аб’ядноўвацца. Адтуль і неабходнасьць пашаны свабоды аб’яднаньняў.

На пачатку 1981 году, калі абвастрылася спрэчка паміж уладамі й прафсаюзам „Салідарнасьць”, прымас сустрэўся зь лідарам ПНР генэралам Войцехам Ярузельскім. Ён хацеў супакоіць настроі. Асьцерагаючыся сілавых рашэньняў, прымас пераконваў, каб страйкамі не прымушаць уладаў да рэзкіх зьменаў.

кардынал Стэфан Вышыньскі: Ці лепш паставіць пад пагрозу нашую свабоду, цэласнасьць краіны й жыцьцё нашых суайчыннікаў і неадкладна дабіцца рэалізацыі ўсіх патрабаваньняў? Несумненна, правільных патрабаваньняў. Ці, можа, лепш сёньня дасягнуць частку зь іх, а іншыя пакінуць на пазьней, кажучы: «Спадарства, да гэтага мы вернемся пазьней»! Мае дарагія, дайце ўраду крыху часу.

У сваіх запісках кардынал Стэфан Вышыньскі адзначыў, што больш, чым пра Касьцёл, ён клапоціцца пра лёс Польшчы.

З сакавіка 1981 году кардынал змагаўся з ракам. Апошні раз ён выступіў публічна падчас адкрыцьця пасяджэньня Галоўнай рады Эпіскапату Польшчы, 22 траўня 1981 году. Памёр празь некалькі дзён, 28 траўня.

Яго пахаваньне стала важнай патрыятычнай падзеяй і дэманстрацыяй падтрымкі ягоных ідэяў. У цырымоніі, якая прайшла на плошчы Перамогі ў Варшаве, удзельнічалі сотні тысяч людзей. Біскуп Ежы Мадзэлеўскі прачытаў духоўны запавет нябожчыка. Прымас у гэтым дакумэнце дараваў віну таксама тым, хто яго перасьледаваў і зьняволіў.

Кардынал Стэфан Вышынскі быў пахаваны ў Архікатэдры сьв. Яна ў Варшаве. У 1989 годзе пачаўся ягоны бэатыфікацыйны працэс. З тых часоў ён мае тытул Слугі Божага.

Расьсьледаваньне па справе цудоўнага вылячэньня пры дапамозе заступніцтва Прымаса тысячагодзьдзя закончылася год таму ў Шчэціне. Гаворка ідзе пра жанчыну, якая хварэла ракам шчытападобнай залозы. Паводле сьведчаньня лекараў, аздараўленьне жанчыны невытлумачальнае з пункту гледжаньня мэдыцыны. Дакумэнты, падрыхтаваныя ў Шчэціна-Каменскай дыяцэзіі, былі перададзеныя ў Ватыкан.

Зараз працэс працягваецца ў Кангрэгацыі па справах кананізацыі ў Рыме. Лічыцца, што Прымас тысячагодзьдзі можа апынуцца ў ліку блаславёных у 2016 годзе.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт