«Самсунг» заплаціць кампэнсацыю
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
21.05.2014 11:11
Хворыя на рак супрацоўнікі кампаніі «Самсунг» атрымаюць кампэнсацыю.
Карэйская кампанія «Самсунг» паведаміла, што мае намер кампэнсаваць страту здароўя людзям, якія працавалі на заводзе па вытворчасьці мікрасхем і пасьля захварэлі на рак, паведамляе BBC. Кіраўніцтва кампаніі ўпершыню пасьля працяглай судовай спрэчкі публічна папрасіла прабачэньня ў пацярпелых і іх сем'яў.
Генэральны дырэктар «Самсунг» Квон Аб Хэн у сваёй заяве не прызнаў прамой сувязі паміж працай на заводзе і разьвіцьцём лейкеміі ў працаўнікоў. Тым ня менш ён адзначыў, што кампанія не прыдавала належнай увагі стану здароўя ахвяр, некаторыя зь якіх памерлі з-за анкалягічных захворваньняў.
«Нам трэба было вырашыць гэтае пытаньне раней, мы вельмі шкадуем, што гэтага не зрабілі і прыносім свае шчырыя прабачэньні», - сказаў ён на прэс-канферэнцыі. У сваёй заяве генэральны дырэктар «Самсунг» таксама дадаў, што кампанія плянуе выплаціць кампэнсацыю пацярпелым і іх сем'ям.
У хуткім часе будзе скліканы незалежны суд, які вынясе рашэньне па кожнай са спраў, узбуджаных супраць прамысловага канцэрну. Дакладнай колькасьці пацярпелых у выніку працы на заводзе кампанія не называе, аднак па дадзеных агенцтва «Франс Прэс», на працягу апошніх шасьці гадоў на кампанію было пададзена каля 40 пазоваў.
эб