Logo Polskiego Radia
Print

У берасьцейцаў -- 58 мэдалёў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 04.02.2014 08:01
Спартоўцы Берасьцейскай вобласьці ў 2013 годзе заваявалі на міжнародных спаборніцтвах 58 мэдалёў.

Спартоўцы Берасьцейскай вобласьці летась заваявалі на міжнародных спаборніцтвах 58 мэдалёў, 10 зь якіх залатыя. Такія даныя былі прыведзеныя 3 лютага ў Берасьцейскай аблвыканкаме на цырымоніі ўшанаваньня лепшых спартоўцаў рэгіёну па выніках 2013 года і падвядзеньня вынікаў спартовага сэзону.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 31 спартовец і 21 трэнер. У іх ліку — пераможца чэмпіянату сьвету па гіравым спорце Андрэй Шумовіч, сярэбраны і бронзавы прызёр пяршынства Эўропы па мастацкай гімнастыцы Крысьціна Шэйда, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату Эўропы па стральбе кулявой Юрый Шчарбацэвіч, бронзавы прызёр чэмпіянату сьвету па спартовых танцах на калясках Ганна Сірацюк.

Старшыня Берасьцейскай аблвыканкаму Канстанцін Сумар выказаў удзячнасьць атлетам і іх настаўнікам за ўнёсак у скарбонку спартовых дасягненьняў рэгіёну, зазначыўшы, што ў вобласьці надаецца вялікая ўвага разьвіцьцю масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненьняў, многае робіцца для ўмацаваньня матэрыяльнай базы.

"За апошнія 10 гадоў у вобласьці пабудавана больш як 150 спартовых аб'ектаў. У мінулым годзе, далёка не самым фінансава спрыяльным, уведзены ў строй стадыён па хакеі на траве ў Баранавічах, спартовы комплекс "Аквамарын" у Століне, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у аграгарадку Альшаны", — зазначыў Сумар. Паводле яго словаў, сёлета плянуецца завяршыць складаньне праектна-каштарыснай дакумэнтацыі для будаўніцтва Палацу водных відаў спорту і гасьцініцы на 140 месцаў для спартоўцаў у Баранавічах, а таксама спартовага комплексу ў Іванаве.

Паводле кіраўніка вобласьці, у 2013 годзе на фінансаваньне спартовых устаноў, правядзеньне розных мерапрыемстваў і праграм было затрачана амаль 355 млрд. рублёў, зь іх каля 60% — сродкі абласнога бюджэту. "Сёлета на гэтыя мэты мы прадугледзелі больш як 242 млрд. рублёў — на 15% больш", — падкрэсьліў Сумар.

БелаПАН/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт