Logo Polskiego Radia
Print

Як нарвэжцы сталі багатымі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.01.2014 15:20
Ніякая іншая дзяржава настолькі разумна не гаспадарыць сваім багацьцем.

У студзені актывы спэцыяльнага нарвэскага пэнсійнага фонду Statens pensjonsfond–Utland склалі 5 трыльёнаў крон (амаль 830 мільярдаў даляраў). А паколькі нарвэжцаў 5 мільёнаў, упершыню ў гісторыі фонду на аднаго грамадзяніна прыходзіцца па адным мільёне крон. - Мільён крон гучыць нядрэнна, але ў сярэднім гэта двухгадовыя заробкі нарвэжца, тлумачыць экспэрт Нарвэскага інстытута міжнародных справаў Якуб Гадзімірскі. Зрэшты, гэты мільён насамрэч віртуальны, таму што ніякі пэнсіянер ня можа зайсьці ў банк і ўзяць гэтыя грошы.

Назва фонду „пэнсійны” ў пэўнай меры ўводзіць у зман, бо цяпер ён не выплочвае пэнсій нарвэжцам. Ён акумулюе грошы для будучых пакаленьняў, каб пэнсійная сыстэма не завалілася, калі скончацца газ і нафта. Ніякая іншая дзяржава настолькі разумна не гаспадарыць сваім багацьцем.

Нарвэгія зьяўляецца адной з найбагацейшых дзяржаваў сьвету: ВУП на аднаго жыхара ў 2013 годзе склаў 103 тысячы даляраў. Сваю заможнасьць краіна дасягнула дзякуючы радовішчам нафты й газу на Паўночным моры, якія былі адкрытыя ў 1969 годзе. У цяперашні час Нарвэгія зьяўляецца трэцім у сьвеце экпартэрам прыроднага газу й сёмым – нафты. Мяркуецца, што газ вычарпаецца праз 23 гады, а нафта – праз 9, але Нарвэгія вельмі добра да гэтага падрыхтавалася. Яна не марнуе грошай, як краіны Пэрсідзкага заліву, і ёй ня трэба купляць грамадзкі спакой, як Вэнэсуэле. На радовішчы не "паклалі лапы" алігархі, як у Расеі. У 1990 годзе нарвэскі ўрад аддаў даляры з продажу нафты ў рукі незалежных ад палітыкаў фінансістаў, каб іх інвэставалі. З таго часу фонд разважліва інвэстуе грошы. Да таго ж па этычных прычынах не купляе акцый 60 разнародных карпарацый, зьвязаных з ваеннай і тытунёвай прамысловасьцю, або тых, якія парушаюць правы чалавека.

яс/Newsweek

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт