Аўтамабілі, кіраваныя жэстамі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
15.12.2013 22:12
У хуткім часе кіроўцы змогуць адчыняць вокны і рэгуляваць клімат-кантроль адным узмахам рукі.
autolynch.ru
Інтэрнэт-гігант Google і амэрыканскі вытворца аўтамабіляў Ford распрацоўваюць аўтамабілі, у якіх шэрагам функцый можна будзе кіраваць з дапамогай жэстаў. Пэўныя рухі рук будуць выяўляцца аўтамабільнымі відэакамэрамі і заменяць некаторыя кнопкі ды рэгулятары, разьмешчаныя цяпер на панэлях кіраваньня аўтамабіляў.
Патэнтавыя заяўкі, пададзеныя абедзьвюма кампаніямі, паказваюць, якім чынам яны зьбіраюцца выкарыстоўваць жэсты кіроўцаў. Напрыклад, узмахам рукі можна будзе апускаць або падымаць шкло вокнаў, лёгкім рухам пальца вакол кола кіраўніцы ўключаць шклоачышчальнікі або індыкатары, кругавымі рухамі перад прыборнай панэльлю выключаць кандыцыянер або радыё і адкрываць люк указаньнем рукі ў яго бок.
Google, які распрацоўвае аўтаномны бесьпілётны аўтамабіль, таксама разглядае пэрспэктыву выкарыстаньня жэстаў пасажыраў для інструкцый бартавому кампутару. Тым ня менш, у Google мяркуюць, што распазнаваньне жэстаў будзе найбольш карысным, калі ня будзе патрабаваць ад кіроўцы адрываць рук ад кіраўніцы, да чаго сёньня прымушаюць розныя кнопкі.
Для распазнаньня жэстаў, выбару і пацьверджаньня функцый дыялёгу Google прапануе выкарыстоўваць трохмерныя відэакамэры ў салёне аўтамабіля. Па меркаваньні кампаніі, сярод працэсаў і апэрацый, кіраваньне якімі цалкам можа быць даверанае жэстам, будзе зьмена гучнасьці аўдыёсыстэмы і пропуск паасобных трэкаў, кіраваньне вэнтылятарам або тэмператураю кандыцыянэра. Акрамя таго, жэстамі можна будзе зьмяняць хуткасьць круіз-кантролю (тэмпамату) і пазыцыю сядзеньняў. У апісаньні працы сыстэмы можна таксама знайсьці згадкі пра тое, што будуць распазнавацца ня толькі самі жэсты, але і іх інтэнсіўнасьць ды працягласьць. Напрыклад, на аснове ацэнкі гэтых параметраў, бакавое акно можа быць адкрытае крыху больш або менш.
Кіроўцы змогуць пацьвердзіць або адмяніць каманду, паказаўшы вялікім пальцам уверх або ўніз.
Ford таксама апублікаваў аналягічны патэнт, які апісвае кіраваньне аўтамабілем з дапамогай распазнаньня жэстаў. Іх сыстэма таксама выкарыстоўвае камэры для атрыманьня інфармацыі ад кіроўцаў ды для атрыманьня пацьверджаньня аб тым, што каманда выкананая правільна. Яна дазваляе адкрыць люк у даху, пацягнуўшы за ўяўны шнурок або з дапамогай жэстаў выводзіць дысплей кіраваньня на лабавое шкло. Кіроўцы таксама змогуць пацьвердзіць або адмяніць каманду, паказаўшы вялікім пальцам уверх або ўніз, як гэта рабілі гледачы глядыятарскіх баёў у Старажытным Рыме.
Сыстэма можа быць таксама выкарыстаная для папярэджаньня, калі кіроўца не рэагуе на відавочную небясьпеку, або для апазнаваньня ўладальніка аўтамабіля і ўключэньня настроеных пад яго налад. Напрыклад, калі чалавек займае сваё месца за кіраўніцаю, аўтаматычна ўключыцца камфортная для яго тэмпэратура або прыадчыніцца фортачка.
Ford ня першы вытворца аўтамабіляў, які працуе над тым, каб навучыць машыну распазнаваць жэсты. На працягу апошняга года асновы сыстэмы распазнаньня дэманстравала кампанія Mercedes на выставе Consumer Electronics.
Па матэрыялах Business Insider/эб