Logo Polskiego Radia
Print

Сьвяты Мікалай Цудатворца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.12.2013 13:34
Традыцыя раздаваньня падарункаў у дзень сьмерці Сьвятога Мікалая 6 сьнежня нарадзілася на Ўсходзе.

/

Сьвяты Мікалай або Санта Кляўс у сёньняшнім варыянце ня мае нічога супольнага з сапраўдным Сьвятым Мікалаем Цудатворцам, біскупам Міры, які жыў у канцы 3-га - пачатку 4-га стагодзьдзя нашай эры.

Gazeta Wyborcza друкуе інтэрвію з праваслаўным тэолягам і сьвятаром Генрыкам Папроцкім, які распавядае пра Сьвятога Мікалая. Захавалася інфармацыя пра яго дабрачынную дзейнасьць. Ён падкідваў грошы праз акно беднякам, дзяўчынам зь бедных сем’яў даваў золата на пасаг, каб яны маглі выйсьці замуж. Усё гэта рабіў у таямніцы. Жыхары Міры доўга ня ведалі, хто ім дапамагае.

Рэліквіі біскупа спачываюць у капліцы праваслаўнай царквы ў італьянскім горадзе Бары. У гэтым жа месцы пахаваная польская каралева Бона, якая спачывае ў багатай магіле, але й так усе ідуць да Мікалая, а мала хто да Боны. Да нашых часоў з парэшткаў сьвятога Мікалая выцякае пахучы алей, які зьбіраецца ў адмысловай місцы, а пазьней манахі пераліваюць яго ў флаконы й раздаюць. Паводле легенды, алей мае цудоўную моц аздараўленьня хворых. Невядома, адкуль бярэцца гэтая субстанцыя.

Традыцыя раздаваньня падарункаў у дзень сьмерці Сьвятога Мікалая 6 сьнежня нарадзілася на Ўсходзе, дзе біскуп Міры быў больш вядомы, чым на Захадзе. Падарункі нават не раздавалі, а падкідвалі, каб не было вядома, хто іх дае, так, як рабіў гэта Мікалай. А тое, што цяпер Мікалай прыходзіць да дзяцей два разы ў год – таксама на Каляды, гэта ўжо заходняя традыцыя.

Прыкладна ў сярэдзіне ХХ-га стагодзьдзя постаць Мікалая стала камэрцыйнай. На гэта ў вялікай ступені мела ўплыў кампанія Кока-Кола, якая паказала такую постаць у сваіх рэклямах. Але гэта ўжо чыстая камэрцыя, а сапраўдны Сьвяты Мікалай чыніў дабро паціху, ён не шукаў славы.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт