Logo Polskiego Radia
Print

Пашыраем веды пра Эўропу

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 25.11.2013 16:37
Сталі вядомымі прозьвішчы пераможцаў конкурсу Эўраклюбаў.

/


24 лістапада ў менскім офісе Руху “За Свабоду” адбыўся фінал конкурсу „Блізкія суседзі: 10 гадоў у Эўрапейскім зьвязе”. Конкурсныя пытаньні былі прысьвечаныя дасягненьням 10-гадовага сяброўства ў Эўразьвязе суседзяў Беларусі – Польшчы і Летувы.

Эўрапейскі конкурс ладзіўся сеткаю Эўраклюбаў, арганізаваных Рухам „За свабоду!”. У ім узялі ўдзел пераможцы інтэрнэт-адбору ў выглядзе віктарыны, якую агулам прайшлі больш за 300 чалавек. Удзельнікамі фіналу сталі маладыя людзі, сярод якіх і магістар палітычных навук, і школьнік.

Фінал складаўся з трох этапаў – пісьмовага тэставаньня, “жывых” пытаньняў у фармаце брэйн-рынгу і публічнага выступу на эўраінтэграцыйную тэму. У журы ўвайшлі: сакратар амбасады Польшчы ў Менску Ганна Дэрска, намесьнік старшыні Руху “За Свабоду!” Алесь Лагвінец, міжнародны каардынатар арганізацыі Вераніка Мазуркевіч і экспэрт па эўрапейскіх пытаньнях Алесь Чарняковіч.

Зацікаўленьне ўдзелам у конкурсе было немалым, падкрэсьлівае намесьнік старшыні Руху „За свабоду!” Юрась Губарэвіч.

Ю. Губарэвіч: Мы апыталі ўдзельнікаў, якім чынам яны атрымалі інфармацыю. Можна сказаць, што яны скарысталіся ўсімі тымі каналамі, якія выкарыстоўваў Эўрапейскі клюб. Існуе такое правіла для падобнага кшталту конкурсаў – кожны соты з тых, хто атрымаў інфармацыю, рэгіструецца і прымае ўдзел. Такім чынам мы можам казаць пра ахоп аудуторыі ў 30 тыс. чалавек. Гэта даволі істотная лічба.

Асноўная ідэя такіх конкурсаў – пашырэньне ведаў пра Эўропу і папулярызацыя ідэі эўрапейскай інтэграцыі, кажа старшыня Руху „За свабоду!” Аляксандар Мілінківіч.

А. Мілінківіч: Я ўпэўнены, што Беларусь рана ці позна – лепш рана – будзе ў Эўрапейскім Зьвязе. Для нас гэта яшчэ і пытаньне незалежнасьці. Мы не ўтрымаем незалежнасьці, калі не далучымся да эўрапейскай сям’і, я ў гэтым упэўнены. Нягледзячы на антызаходнюю прапаганду рэжыму, ёсьць добрая дынаміка праэўрапейскіх настрояў сярод беларусаў. Паводле праф. Манаева, 45-50% заўтра былі б гатовыя ўступіць у Эўразьвяз. Праўда, нас там не чакаюць і мы яшчэ не гатовыя. Але вельмі добра, што столькі людзей ужо разумее значэньне гэтага выбару. Для гэтага мы стараемся праводзіць розныя ініцыятывы. Гэта найперш Эўрапейскія клюбы, якія існуюць ва ўсіх абласных цэнтрах. Там адбываюцца цікавыя сустрэчы з экспэртамі, пісьменьнікамі, гісторыкамі і эўрапейскімі дыпляматамі. І сам конкурс ладзіцца па тое, каб актывізаваць атрыманьне ведаў моладзьдзю аб Эўрапейскім Зьвязе. Чым больш мы пра яго ведаем, тым больш абгрунтаваныя нашыя праэўрапейскія настроі. І калі мы будзем абіраць свой геапалітычны лёс, нам вельмі важна, каб праэўрапейскія настроі былі ўстойлівымі.

Ю. Губарэвіч: Трэба пашыць гэтыя веды ня толькі сярод моладзі, а і сярод людзей усіх пакаленьняў. У Беларусі ёсьць попыт на Эўропу. У нас стабільна па ўсіх апытаньнях 40—45% жыхароў краіны – за набліжэньне Беларусі да Эўразьвязу. Людзі павінны валодаць большай інфармацыяй пра краіны-бліжэйшыя суседкі, якія туды ўваходзяць, каб мы маглі зрабіць сьвядомы выбар на карысьць Эўропы. Каб мы маглі пераадолець тыя стэрэтыпы, якія існуюць у афіцыйнай беларускай прапагандзе адносна ЭЗ. Каб выбар рабіўся ня толькі з увагі на матэрыяльныя каштоўнасьці, якія нясе з сабой Эўрапейскі Зьвяз, а каб улічваліся і высокія стандарты ў дачыненьнях са сваімі грамадзянамі, у дачыненьнях паміж уладаю і грамадзтвам, якія існуюць у эўрапейскіх краінах.

У фінале конкурсу „Блізкія суседзі: 10 гадоў у Эўрапейскім зьвязе” перамаглі: Алена Жэбрык зь Менску і Аляксей Шота з Горадні, якія падзялілі 1-е і 2-е месцы, а таксама Раман Усьцінаў са Сьветлагорска, які заняў 3-е месца. Пераможцы атрымалі ў якасьці ўзнагародаў дыск для захоўваньня інфармацыі, букрыдар і пляншэт.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт