Logo Polskiego Radia
Print

Сандомеж - перліна сярод польскіх гарадоў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.11.2013 19:32
  • запрашаем.mp3
У горадзе значна павялічылася колькасьць турыстаў пасьля таго, як у ім пачалі здымаць папулярны сэрыял “Айцец Матэвуш” пра ксяндза-дэтэктыва.

Сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” наведаем вельмі прыгожы польскі горад, разьмешчаны на поўдзень ад Варшавы. Гэта Сандомеж. У ім пражывае каля 25 тыс. чалавек. Гарадок маляўніча раскінуўся на берагах Віслы.

Сандомеж – вельмі стары горад. Сьляды людзкіх пасяленьняў сягаюць эпохі нэаліту. У канцы 10-га, пачатку 11-га стагодзьдзяў Сандомеж, побач Уроцлава й Кракава, лічыўся адным з важнейшых гарадоў і адным з трох каралеўскіх градаў. У гісторыі места былі ўзьлёты й падзеньні, напрыклад, горад быў абрабаваны й зьнішчаны падчас татарскіх набегаў. Але большасьць часу Сандомеж працьвітаў дзякуючы гандлю. Як і іншыя польскія гарады, горад карміла рака Вісла. Справа ў тым, што пачынаючы з 15-га стагодзьдзя па рацэ сплаўлялі збожжа на экспарт у Гданьск, да Балтыйскага мора. І гарады, якія ляжалі на рацэ, былі задзейнічаны ў міжнародным гандлі ды чэрпалі зь яго немалыя даходы. Дарэчы, Сандомеж часта наведвалі польскія манархі. У прыватнасьці, тут любіў бываць Зыгмунт ІІ Аўгуст і апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

У 1613 годзе ў горадзе быў адчынены Езуіцкі калегіўм. Такім чынам, акрамя эканамічнага значэньня, Сандомеж атрымаў і навуковае значэньне. Дарэчы, зь гісторыяй горада зьвязаны пэўны факт: у 1865 годзе Караліна Крачкевіч, здаўшы цяжкія экзамены, стала першай на польскіх землях настаўніцай. У часы падзелу Польшчы Сандомеж уваходзіў у склад Аўстра-Вугоршчыны й разьмяшчаўся на самай мяжы з Расейскай Імпэрыяй.

У часы незалежнай Польшчы, у 1930-я гады, плянавалася стварыць Сандомежскае ваяводзтва, паколькі тагачасныя ўлады рэалізавалі вялізны эканамічны праект: стваралася Цэнтральная прамысловая акруга, якая мела даць Польшчы штуршок да індустрыялізацыі. І цэнтрам гэтай прамысловай зоны быў Сандомеж. На жаль, плянам перашкодзіў пачатак вайны. На шчасьце, у ходзе баявых дзеяньняў горад ня быў зьнішчаны, дзякуючы чаму сёньня можам любавацца яго прыгажосьцю.
Асабліва прыгожы ў Сандомежы Стары горад – тут захавалася шмат гістарычных будынкаў, некаторыя з паловы 13-га стагодзьдзя. Толькі што закончылася рэканструкцыя й аднаўленьне Старога горада й цяпер ён паўстае перад турыстамі ў поўнай красе. Дарэчы, а турыстаў з году ў год прыбывае. І яшчэ адна цікавінка: значна павялічылася колькасьць польскіх турыстаў пасьля таго, як у Сандомежы пачалі здымаць папулярны сэрыял “Айцец Матэвуш” пра ксяндза-дэтэктыва. І вы, паважаныя радыёслухачы, будучы ў Польшчы, не абмінайце Сандомеж – перліну сярод польскіх гарадоў.

Валеры Саўко

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт