Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.11.2013 19:26
  • запрашаем.mp3
Куяўска-Паморскае ваяводзтва: у рэгіёне існуе некалькі гэтак званых тэматычных вёсак - "яблычная, арэхавая, хлебная".

Сёньня, паважаныя радыёслухачы, накіруемся ў Куяўска-Паморскае ваяводзтва, якое разьмешчана на поўначы Польшчы, а адміністрацыйнымі цэнтрамі зьяўляюцца два гарады: Быдгашч і Торунь. У рэгіёне існуе некалькі гэтак званых тэматычных вёсак, і пра іх я хачу вам распавесьці ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу”. І так, у мясцовасьці Велькі Мэндромеж (Wielki Mędromierz) існуе “мядовая вёска”. Уладальнікі дзесяці пасекаў арганізаваліся, каб пашыраць сакрэты прафэсіі пчаляра. Прыбыўшы ў вёску, можна пакаштаваць мёд, прычым розны: ліпавы, верасовы, грэчневы й гэтак далей. Пчаляры таксама пакажуць, як даглядаць пчол, раскажуць, як яны вырабляюць мёд, а калі нехта захоча, дык можа ўручную зрабіць сьвечку з натуральнага воску.

А вось у мясцовасьці Галчэўка (Gałczewko) ёсьць „кветкавая вёска”. Галоўная тэма тут, зразумела, кветкі. У вёсцы жанчыны пакажуць, як рабіць гербарыі ды кветкавую біжутэрыю, вырабляць кветкі з паперы, войлака ды іншых матэрыялаў. Па зразумелых прычынах, большасьць наведвальнікаў вёскі – гэта жанчыны й дзяўчаты.

Вы любіце яблыкі, сябры? Калі так, дык варта наведаць “яблычную вёску” ў мясцовасьці, якая так і называецца – Яблонка (Jabłonka). Цяпер восень, яблычны час, і вёска ахоплена водарам гэтай сьпелай садавіны. Малінаўкі, каштэлі, антонаўкі, рэнэты ды іншыя гатункі яблыкаў можна пакаштаваць ды купіць за невысокую цану. І хоць вёска “яблычная”, дык тут таксама багата розных гатункаў грушаў. Прыбыўшы ў Яблонку, можна атрымаць розныя рэцэптуры яблычных страваў ды дэсертаў, напрыклад, традыцыйны ў рэгіёне яблычны пірог. Акрамя таго, час на сьвежым паветры можна правесьці, катаючыся на коннай брычны з фурманам.
А вось каля гарадка Голуб-Добжынь (Golub Dobrzyń) існуе „арэхавая вёска”. Тут ўсё зьвязана зь ляснымі й грэцкімі арэхамі. Тут можна ня толькі імі паласавацца, але й пабачыць, як вырабляюць арэхавы алей альбо натуральную фарбу, якая выкарыстоўваецца для вытворчасьці тушу для пячатак ды татуіровак. А яшчэ ў “арэхавай вёсцы” пакажуць, як са скарлупы зрабіць упрыгожаньні ды розныя жывёлы.

У Куяўска-Паморскім ваяводзтве ёсьць таксама “хлебная вёска”, “ягадная вёска”, “лясная вёска”, якія, як і папярэднія, маюць пазнавальны ды адукацыйны характар. Ды й таксама варта наведаць адміністрацыйныя цэнтры рэгіёну – гарады Быдгашч ды Торунь. Торунь – стары горад, месца, зьвязанае зь Мікалаем Капэрнікам. А вось Быдгашч таксама ня меншы прыгожы й называюць яго “польскай Вэнэцыяй”. Да сустрэчы ў Куяўска-Паморскім рэгіёне!

Валеры Саўко

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт